У Мінску адкрылася выстава Шрагі Царфіна

5 декабря 2019
Літаральна некалькі гадзін таму ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылі выставу Шрагі Царфіна - прадстаўніка Парыжскай школы.

Выхадзец Смілавіч паехаў з роднага мястэчка ў 14 гадоў і больш у Беларусі не быў. Своеасаблівым вяртаннем мастака стала выстава "Шрага Царфін. Вядучы да святла". У экспазіцыі больш за 50 работ з прыватных, музейных і карпаратыўных калекцый. А  яшчэ гадоў 10 таму карцін гэтага мастака ў нашай краіне не было наогул, ды і імя было невядома. 

Іў Дзюлак, унук Шрагі Царфіна: "Гэта вяртанне майго дзеда на сваю гістарычную радзіму. Наша сям'я вельмі ўдзячная беларусам за тое, што яны так ставяцца да творчасці майго дзеда. Мы нават ганарымся гэтым, нам вельмі прыемна... Я памятаю ўсе пачуцці, якія ахапілі мяне ў 2012 годзе, калі я першы раз прыехаў у Смілавічы. Смілавічы сталі для мяне таксама нейкім родным месцам. Я нездарма  гэтым разам прывёз з сабою сваю дачку".

 Унук мастака Шрагі Царфіна Іў Дзюлак, які прыляцеў у Мінск з Францыі, да 80-годдзя музея падарыў адну з работ свайго дзеда.