У Мінску пачаліся гастролі музычнага тэатра Карэліі

14 ноября 2019
Сёння ў Мінску пачынаюцца гастролі музычнага тэатра Карэліі. Самыя вядомыя спектаклі для дзяцей і дарослых будуць  паказваць  на працягу чатырох дзён  на сцэне тэатра музкамедыі. Гледачам пакажуць оперу, балет і музычную камедыю. 

На рэпетыцыі балета "Папялушка" пабывала і наш карэспандэнт  Ларыса Гулякевіч.

Апошнія рэпетыцыі перад першым выступленнем на беларускай сцэне. У кожнай краіне глядач асаблівы, таму для артыстаў музычнага тэатра Карэліі  пакарыць  беларускіх прыхільнікаў Мельпамены - яшчэ адна перамога сярод іншых. 

Два балеты, музкамедыя і спектакль для дзяцей – з такім рэпертуарам музычны тэатр Карэліі ўпершыню выступіць на беларускай сцэне. У прэміяльнай скарбонцы тэатра  прэстыжныя прэміі "Залатая маска" і "Арлекін".

Вядомую казку пра Папялушку,  якой адкрываюцца карэльскія гастролі, харэограф Кірыл Сімакоў паставіў па-новаму. Пакінуў казачную канву, галоўных герояў, безумоўна,  чаравічкі ад феі. Але гісторыя атрымалася не столькі для дзяцей,  колькі для дарослых. Час падзей - 30-40 гады ХХ  стагоддзя. Балет "Папялушка" - адна з самых маштабных сучасных пастановак тэатра, якому больш за 60 гадоў. Важкія дэкарацыі, больш за 200 касцюмаў. Задзейнічаны лепшыя артысты рэгіёна.

У выхадныя - музычная камедыя "Дарагая Памела". Сюжэт вельмі добра знаёмы беларускаму гледачу. І  казка для дзяцей  "Хрустальны чаравічак". Дарэчы, трупа Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра зараз знаходзіцца на гастролях у адказ у Петразаводску.