У Мінску пачалася "Ноч музеяў"

21 мая 2016

Раз на год тысячы музеяў па ўсім свеце не спяць разам з тымі, каму цікава прайсці ў храм муз і пахадзіць па ім пасля заходу. Культурны марафон чакае сёння і беларусаў. Куды схадзіць гэтай ноччу - ведае Дар'я Тарасава.

Арт-пляцоўкі па ўсёй краіне адчынілі свае дзверы для тысяч наведвальнікаў. Толькі ў Мінску адразу 24 музейныя маршруты даступныя для ахвочых пакутаваць ад бяссоніцы. Адзіны дзень у годзе агледзець музейныя экспазыцыі можна ўначы.

Адчуць сябе тарэадорам, спусціцца з парашутам і апынуцца ў марской бездані. Сапраўдны "Ілюзорыум" шырокафарматных карцін трохмернай графікі адкрыты ў Нацыянальным гістарычным музеі, тут жа праходзіць чэмпіянат па камп'ютарных гульнях. Не толькі зірнуць, але і дакрануцца можна будзе да вынаходстваў вялікіх навукоўцаў. У праграме музея - кірмаш, майстар-класы і канцэрт. Музейны арт-панадворак працуе да 2 гадзін ночы.

Адроджаная спадчына Беларусі ў аўтарскіх фотаработах. Больш за 100 рэпрадукцый размясціліся на тэрыторыі музея пад адкрытым небам у парку Чалюскінцаў. Усе яны аб'яднаныя адной тэмай - гэта культурныя славутасці краіны. А вось сам праспект Незалежнасці ператварыўся ў пляцоўку для пленэра, тут адначасова дзеюць каля сотні майстроў пэндзля.

Даведацца ці існуюць рыцары ў 21 стагоддзі - прапаноўвае экспазыцыя "Карэтная". Упершыню ўдзел у міжнароднай акцыі прымае археалагічны музей Беларусі. Рымскія легіянеры, белыя плашчы тампліераў і шляхцічы Вялікага Княства Літоўскага наладзяць урачыстае шэсце на вуліцы Кірылы і Мяфодзія, парад рыцараў і воінаў праз прызму розных часоў і народнасцяў у панадворку музейнага комплексу. Гасцей музейнай ночы пазнаёмяць з майстрам па фехтаванні.

Жыццё экспанатаў сёння растрывожанае і ў музеі ваеннай гісторыі. Тут ахвочых навучаць элементам блізкага бою і асновам барацьбы самба. Таксама наведвальнікі змогуць адчуць сябе часткай парада.

Пакуль вызначыць хто ж стаў рэкардсменам сярод музейшчкаў складана, усе культурныя цэнтры сваю працу працягнуць да апошняга наведвальніка. Дарэчы, чым пазней, тым больш ахвотнікаў начаваць у музеі.