У Мінску пачаўся фінальны тыдзень Нацыянальнай тэатральнай прэміі

21 ноября 2016

Самыя яскравыя прэм'еры двух апошніх гадоў будуць паказаныя ў гэтыя дні для гледачоў, а таксама для журы рэспубліканскага конкурсу. Што нельга прапусціць у наступныя шэсць дзён, раскажа Наталля Бардзілоўская.

Заключны тыдзень Чацвёртага рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная тэатральная прэмія" адкрываюць купалаўцы. Сёння ўвечары журы і гледачы (між іншым, конкурсныя прагляды маюць адкрыты характар) на галоўнай тэатральнай сцэне краіны ўбачаць "Чайку" паводле Чэхава ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, прэм'еру 2015 года. Усяго ж у фінал увайшоў 21 спектакль: музычныя, драматычныя, лялечныя пастаноўкі. Акрамя сталіцы, прадстаўлены рэгіёны: Брэст, Гродна, Магілёў і нават невялікі Пінск.

Палескі драматычны тэатр пакажа "Пінскую шляхту" Дуніна-Марцінкевіча. На тэатральным конкурсе палова спектакляў - класіка: "Крэйцарава саната", "Візіт старой дамы", "Царская нявеста"... Усе пастаноўкі, па ўмове, прэм'еры апошніх двух гадоў. Зрэшты, сёлета ў правілах конкурсу ёсць змяненні. Паменшала намінацый: дзве ацэнкі "Лепшы рэжысёр" і "Лепшы мастак-пастаноўшчык" абагульненыя ў намінацыю "Лепшы спектакль". Не будзе і намінацыі "Лепшы дэбют".

На першым этапе конкурс атрымаў 45 заявак з розных тэатраў краіны. Толькі палова дайшла да фіналу. Хто з прэтэндэнтаў атрымае статуэтку Тэатральнага бусла - галоўную ўзнагароду, да апошняга моманту будуць трымаць у сакрэце. Галасаванне тайнае, і пра сваю перамогу лепшыя тэатралы даведаюцца толькі падчас урачыстага закрыцця конкурсу.

Імёны пераможцаў конкурсу "Нацыянальная тэатральная прэмія" будуць названы 27 лістапада. Урачыстая цырымонія адбудзецца на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы. Акрамя 19 зацверджаных намінацый, будуць адзначаныя "Мецэнат тэатра" і "За ўклад у тэатральнае мастацтва".