У Мінску кінаэстафету прыняў "Лістападзік"

8 ноября 2015

Услед за адкрыццём 22-га міжнароднага кінафоруму "Лістапад" у Мінску кінаэстафету прыняў "Лістападзік". Фестываль фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі стартаваў у сталічным кінатэатры "Піянер". 

На ўрачыстай цырымоніі пабывала наш карэспандэнт Дар'я Тарасава.

Кожную восень у нашу краіну з'язджаюцца акцёры і рэжысёры з усяго свету з мэтай выбраць лепшыя сюжэтныя карціны сусветнага дзіцячага кінематогрофа. Дарэчы, у гэтым сезоне на ўдзел у кінафоруме заяўлена дзесяць фільмаў кінематаграфістаў розных краін. Ужо адбыўся першы пазаконкурсны паказ. Штогод, акрамя сімпатый гледачоў і прададзеных квіткоў, ацэнка карцін - за міжнародным журы ў складзе пяці суддзяў.

Крысціян Дзюэкер, старшыня журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лiстападзiк", Данія: "Пры ацэнцы карціны асноўную ролю для мяне выконвае тое, наколькі добра фільм зроблены, наколькі ён зроблены якасна. Таксама важны забаўляльны момант. Калі фільм уражвае, калі ён эмацыйны, гэта будзе той фільм, за які я буду галасаваць, хоць я разумею, што зрабіць выбар будзе вельмі цяжка".

Алесія Скарса, член журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лiстападзiк", Італія: "Дзіцячыя фільмы - гэта не проста магчымасць паглядзець цікавае кіно, гэта яшчэ і магчымасць паглядзець тыя фільмы, якія гавораць сэрцам.

Дзеці - гэта дарослыя заўтрашняга дня, таму вельмі важна, каб у іх жыцці было больш правільных кінематаграфічных момантаў, такіх, як гэты кінафестываль".

Сёлета арганізатары цырымоніі адкрыцця падрыхтавалі для маленькіх кінаманаў сапраўдную маляўнічую феерыю. Свята пачалося яшчэ ў фае кінатэатра "Масква", тут наведвальнікаў чакала забаўляльная праграма. Паказ прадоўжыўся ў зале, дзе ўвазе публікі прапанавалі танцавальны перфоманс, неонавае шоу і флешмоб. Сярод чаканых стужак кінафоруму - "Хлопец-невідзімка", "Залатое каралеўства" і фільм закрыцця: "Сямейства Крыстмас".

Для дзіцячых фільмаў няма правіл, тэндэнцый і трэндаў. Галоўная ўмова - цікавасць гледачоў, дагадзіць якім часта зусім непроста. Сёлета "Лістападзік" адкрывае дэбютная ігравая карціна аўстралійскага рэжысёра Сцюарта Макдональда. Сямейная добрая камедыя "Дзівак".

Ад свайго старэйшага субрата "Лістападзік" адрозніваецца тым, што фільмы тут разлічаныя на любы ўзрост і любую аўдыторыю, якія ацэняць і дзеці, і іх бацькі.