У Мінску Эрмітаж прэзентуе фенаменальную калекцыю ўсходняга мастацтва

11 сентября 2014

Эрмітаж з Санкт-Пецярбурга пераехаў у Мінск. Найбуйнейшы ў Расіі і свеце музей прэзентуе ў беларускай сталіцы фенаменальную калекцыю ўсходняга мастацтва. Многім творам больш як 300 гадоў. Таму яны маюць патрэбу не толькі ў пэўных умовах экспанавання, але і пастаяннай апецы прафесіяналаў.


Расказвае Іна Пілевіч: Каштоўны і далікатны груз з расійскай культурнай сталіцы ў беларускую суправаджае мастак-рэстаўратар Эрмітажа. Сочыць за станам твораў, выконваннем тэмпературнага і рэжыму вільготнасці ў экспазіцыйнай зале. Спецыяліст дазволіў выстаўляць старажытную японскую гравюру на працягу толькі трох месяцаў. Даўжэйшы тэрмін можа стаць разбуральным для твораў.


Валянціна Мансурава, мастак-рэстаўратар Музея Дзяржаўны Эрмітаж (Санкт-Пецярбург, Расія): На паперу ўплывае святло, асвятленне, вільготнасць. І яе перыядычна правярае і аглядае рэстаўратар. Можа з'явіцца цвіль, плямы.


64 гравюры ў стылі укіё-э ўяўляюць асноўны від графікі Японіі. Мастацкі кірунак зарадзіўся ў гарадской культуры горада Эдо або цяперашняга Токіа яшчэ ў другой палове 18 стагоддзя. Гравюра стваралася адразу трыма майстрамі - мастаком, разьбяром і друкаром.


Мікіта Моніч, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: Гравюра ў момант яе стварэння была дэмакратычным відам мастацтва, які адлюстроўваў навакольную сацыяльную рэальнасць з усімі яе прывабнасцямі і няшчасцямі.


Масіўныя барацьбіты сумо, вядомыя акцёры тэатра кабукі, чароўныя гейшы - галоўныя героі гравюр. Для укіё-э характэрныя моманты звычайнага жыцця гараджан, мастакі звярталіся і да жанру краявіду. Дарэчы, укіё-э - прадмет захаплення не толькі японцаў, але і еўрапейцаў. Графіка ўсходу натхняла мастакоў кубістаў, экспрэсіяністаў, постімпрэсіяністаў, сярод якіх Ван Гог і Мане.


Гравюры укіё-э мелі даступную цану па прычыне іх масавай вытворчасці. Графіку куплялі гараджане, якія не маглі сабе дазволіць дарагія карціны. Сёння японская графіка - доля багатых калекцыянераў. Шэдэўры Усходу, у сілу іх далікацтва, рэдка вывозяць са сцен Эрмітажа. Выключэнне - толькі для Мінска.