У Мінск прыехалі рамеснікі, дызайнеры і мастакі з усёй Беларусі

28 февраля 2015

3 000 квадратных метраў для народнай творчасці! У Мінск прыехалі рамеснікі, дызайнеры і мастакі з усёй Беларусі. Свае здольнасці дэманструюць больш за паўтысячы майстроў. Дэкупаж, квілінг, лэмпварк, батык, рэборнінг - дзясяткі разнастайных тэхнік. Народныя ўмельцы праводзяць тут і майстар-класы.

На адным з іх пабывала і Аляксандра Драгун. Быццам гоман цёплага ветрыку, іграе мілагучная акарына. Ёй ва ўнісон падпявае вясёлы хор птушак. Гэта найбольш спрыяльная атмасфера для тонкай справы Аляксандра Рыжэўскага. Народны ўмелец малюе вастрыём па шкарлупіне.

У беларускага Фабержэ дзясяткі далікатных сувеніраў. Па-майстэрску ўмела ён змяшчае на курыным яйку волата ці на перапяліным - мудрагелістыя ўзоры. Сваю крохкую калекцыю прывёз на выставу рамеснікаў.

Тры тысячы квадратаў для народнай творчасці! На тры дні прастору занялі беларускія ўмельцы - больш за 500 чалавек! На паліцах цвітуць дзьмухаўцы, драўляныя карпы і шчупакі гайдаюцца на хвалях, а на сценах – лямцавыя пейзажы.

Майстры не спыняюць творчы працэс. Размалёўваюць бранзалеты, ткуць, вышываюць і дзеляцца ведамі з пачаткоўцамі.

На кірмашы можна не толькі набыць сувеніры і падарункі, але і зрабіць іх самастойна. Пяць разоў на дзень народныя ўмельцы даюць майстар-класы. Напрыклад, да 8 Сакавіка рыхтуем паштоўкі ў тэхніцы скрапбукінг. Мая – амаль гатовая. Апошні штрых – дэкаратыўнае аздабленне.

Традыцыйныя дэкупаж, батык, квілінг і сучасны рэборнінг. Немаўлят-рэборнаў майстар Наталля прывезла з Гродна.

Мінулы раз кірмаш з нацыянальным каларытам наведалі больш за 10 000 гасцей. Сёлета мастакі, рамеснікі і дызайнеры працаваць будуць на адной пляцоўцы яшчэ два дні. Наступны раз сустрэнуцца ў снежні.