У МЗС Беларусі сёння пройдзе святкаванне Міжнароднага дня мовы

19 февраля 2016

"У дыялогу культур" - творчы праект, арганізаваны ведамствам сумесна з Літаратурным музеем Янкі Купалы. Само свята свет адзначыць 21 лютага.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення - прэс-сакратар МЗС Беларусі: «Падчас імпрэзы прагучаць творы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, будзе адкрыта выстава графічных работ «Яна і я», прымеркаваная да стагоддзя з дня вянчання вялікага беларускага песняра з Уладзіславай Станкевіч. У мерапрыемстве будзе ўдзельнічаць кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў. Свой удзел у ім таксама пацвердзілі кіраўнікі шэрагу дыпламатычных місій, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі».

Міжнародны дзень роднай мовы быў уведзены рашэннем 30-й сесіі генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1999. Яго мэта - абарона моўнай і культурнай разнастайнасці на планеце, захаванне ўсіх моў народаў свету.