У МЗС Беларусі прайшлі традыцыйныя Купалаўскія чытанні - мерапрыемства прымеркавалі да Дня роднай мовы

27 февраля 2018

Менавіта Янка Купала паспрыяў таму, што беларуская літаратура ўвайшла ў сусветную спадчыну. Яго творы перакладзеныя на 117 моў свету. З вуснаў паслоў і дыпламатаў, акрэдытаваных у нашай краіне, гучала лірыка з унікальнага грамадска-патрыятычнага цыкла народнага песняра. Янку Купалу дэкламавалі ў арыгінале.

Расказвае Вольга Давідовіч.

Галоўная зала Міністэрства замежных спраў не першы раз становіцца пляцоўкай для ўрачыстых мерапрыемстваў, якія знаёмяць паслоў і дыпламатаў, акрэдытаваных у нашай краіне, з творчасцю знакамітых беларусаў. Сёння тут гучалі вершы Янкі Купалы.

Купалаўскія чытанні - традыцыйныя. Яны арганізуюцца міністэрствам вось ужо сёмы раз сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Творча-дыпламатычнае мерапрыемства гэтым разам было прысвечана як Дню роднай мовы, які па рашэнні ЮНЕСКА штогод святкуецца 21 лютага, так і абвешчанаму Году малой радзімы.

З вуснаў дыпламатаў гучала патрыятычная лірыка народнага песняра Беларусі. Янку Купалу дэкламавалі ў арыгінале. У дапамогу чытальнікам-міжнароднікам (а іх было больш за 20) былі лісты з транскрыпцыяй.

Менавіта Янка Купала паспрыяў таму, што беларуская літаратура ўвайшла ў сусветную спадчыну. Яго творы перакладзеныя на 117 моў свету. Некаторыя дыпламаты, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве, былі так ўражаны, што нават паабяцалі, што будуць садзейнічаць перакладу вершаў Купалы на іх родную мову.

Атмасфера ў зале была душэўная. Многія з дыпламатаў выказвалі цёплыя пачуцці да лірыкі Янкі Купалы. Жартавалі. Пасол Германіі Петэр Дэтмар, напрыклад, распачаў выступленне прабачэннем за не вельмі выдатнае выступленне.

Цікавыя каментарыі-падводкі да выступленняў узмацнялі ўражанне, што Янка Купала — гэта чалавек свету, блізкі і зразумелы кожнаму. У Латвіі, напрыклад, працуе школа яго імя - з беларускай мовай выкладання, у Бразіліі — бібліятэка, а ў парку гарадка Манро, што непадалёк ад Нью-Ёрка, усталяваны бюст Янкі Купалы, помнік яму ёсць і ў Маскве.

Намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства таксама зазначыў, што Купала сваёй творчасцю ўвасобіў паэтычную душу беларусаў. На думку Дапкюнаса, душа народа жыве праз родную мову, а паэзія дазваляе зазірнуць у найпатаемнейшыя куткі народнай душы.

Зала Міністэрства замежных спраў стала яшчэ і выставачнай. На сценах размясцілі графічныя сюжэты паводле твораў паэта ў выкананні класікаў айчыннага мастацтва.