У Любанскім раёне гэтымі днямі праходзіць фестываль традыцыйных спеваў і танцаў "Пятровіца"

11 июля 2019

Ужо 9 год запар па новыя ўражанні сюды прыязджаюць аматары народнай культуры з усёй Беларусі і нават з замежжа. На працягу тыдня яны вучацца танцаваць, спяваць, удзельнічаюць у рэканструкцыі старадаўніх абрадаў, знаёмяцца з носьбітамі сапраўднай беларускай культуры ў вёсках і мястэчках. У этнагарафічнай вандроўцы разам з удзельнікамі фэсту пабывала і Наталля Кузьміцкая.

У ліпені ў вёсцы Шыпілавічы традыцыйна становіцца гучней і весялей. На прысядзібным участку Анастасіі Кухарэнкі разгарнуўся вялікі палатачны гарадок. Дзявяты раз яна гасцінна сустракае ўжо сваіх сяброў - удзельнікаў фэсту "Пятровіца". 

І гэта вольнае паветра, гукі прыроды, шчырыя людзі вакол ствараюць неабходны настрой для навучання. Яны будуць тут і касіць, і жаць, і пячы хлеб, выразаць выцінанкі. А галоўнае - танцаваць, так як раней гэта рабілі нашы прабабулі і прадзядулі. На вячорках ці іншых святах, якія ніколі не абыходзіліся без гапака ці полькі. 

Літаральна праз некалькі дзён няўпэўненыя, месцамі нязграбныя рухі пакуль неспрактыкаваных танцораў, ператворацца ў зладжаны прыгожы танец. 

Харэограф - Сяргей Выскварка, яго асоба сярод дзеячаў культуры і аматараў традыцыйных беларускіх танцаў даволі вядомая. Ужо больш як 20 гадоў ён аднаўляе танцавальны фальклор.

Лявоніха, падыспан, каханачка, кракавяк - больш як два дзясяткі танцаў пашанцуе пазнаць удзельнікам фэсту на ўласныя ногі. І мова танца бязмежная. Гэта гатовыя пацвердзіць госці "Пятровіцы" з далёкай Нарвегіі.

Акрамя танцавальных заняткаў, заняткі спеўныя, а, каб адчуць і пераняць неабходную манеру, у раскладзе "Пятровіцы" сумесныя канцэрты з сапраўднымі носьбітамі культуры.

Завершыцца фэст народным святам "Пятрок" з карагодамі па вёсцы, спевамі і абрадавымі дзеяннямі. Гэта стане своеасаблівай справаздачай навучання спевам і танцам, дзе кожны будзе не назіральнікам, а паўнацэнным удзельнікам.