У Лунінцы ўзарвалі электрычку

13 октября 2017

Падпал учынілі наўмысна для здымак новай мастацкай стужкі "Не гульня" ад кінастудыі "Беларусьфільм". Над стварэннем поўнаметражнага ігравога кіно працуе рэжысёр такіх праектаў, як "Мянтоўскія войны", "Днепрапятроўская мяжа" і "Брэсцкая крэпасць" Дзяніс Скварцоў. На кінапляцоўцы пабывала і мая калега Вольга Мядзведзь.

Кадры з рызыкай для жыцця. Нягледзячы на магчымасці сучаснай камп'ютарнай графікі і спецэфектаў усе выбухі, падпалы і трукі выконваюцца ўжывую. На пляцоўцы прафесійная піратэхнічная група. Здымкі самых экстрэмальных кадраў не абышліся і без каскадзёраў. Іх каля дзесяці.

Спецыяльна для кінанавінкі "Не гульня" вылучылі цэлы цягнік. На некалькі дзён здымачная група пасялілася ў чыгуначным дэпо Лунінца. Задзейнічаны ў фільме састаў стаяў не толькі на рэйках, але і на ўзрыўчатцы, колькасць якой засталася камерцыйнай таямніцай. У такіх умовах з небяспекай для жыцця працавалі і непрафесіяналы: акцёры, студэнты, масоўка і нават дзеці.

Раман Каралёў, пастаноўшчык трукаў, старшыня Гільдыі каскадзёраў Беларускага саюза кінематаграфістаў: "Тут гаворка ідзе пра салдатаў, якія ехалі са звальнення і здзейснілі нейкі подзвіг такі, грамадзянскі: выратавалі дзяцей, выратавалі жанчын - і адзін з іх загінуў у электрычцы ад выбуху газавага балона. Працавала пнеўматыка, агнямёты нізкатэмпературнага агню для бяспекі людзей, таму што электрычка з'яўляецца закрытым памяшканнем - гэта з'яўляецца крыніцай небяспекі".

Увесь экшн здымачнага дня стварылі амаль без падрыхтоўкі. Для ўвасаблення спецэфектаў некалькі машын абсталявання, геляў і гаручых вадкасцяў прывезлі напярэдадні вечарам. Кожны дубль прайшоў пад пільным кантролем. Прафесіянальных назіральнікаў схавалі нават сярод масоўкі.

Знялі сцэну на некалькі хвілін ад усяго поўнаметражнага мастацкага фільма, прысвечанага юбілею Узброеных Сіл Беларусі. Ужо вядомая і дата выхаду стужкі - 23 лютага ў Дзень абаронцаў Айчыны.