Галоўны герой - беларускі Дзед Мароз - Зюзя, якога тут штогод робіць майстар па ляльках… з Расіі. З гісторыяй жыцця Ніны Савельевай-Залатухінай і яе казачнымі персанажамі пазнаёмілася наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.
Яе непаўторныя героі родам з беларускіх казак. Яна шукала іх не толькі ў інтэрнэце, вывучала энцыклапедыі, перачытвала народныя легенды і паданні, размаўляла з мясцовымі жыхарамі. Сама ж прыехала ў Беларусь з суровай Сібіры ў сярэдзіне 80-х.
Менавіта на такіх ляльках з тканіны, якія да таго ж развіваюць маторыку, маленькія дзяўчынкі ў мінулым вучыліся навыкам рукадзелля.
Ніна Савельева-Залатухіна называе сябе лялечніцай, хаця па першай прафесіі, якую набыла ў Расіі, паліграфіст. Сёння далікатная жанчына з таежным паўночным характарам - сапраўдны скарб зямлі Лагойскай. Уваходзіць у клуб майстроў з аднайменнай назвай і прадстаўляе раён на выставах беларускай творчасці.
Штогод Лагойскі дом рамёстваў ладзіць выставу-кірмаш "Зімовыя россыпы". Да навагодніх свят Ніна Патапаўна таксама рыхтуе этнаграфічных герояў. Асноўны - беларускі Дзед Мароз - Зюзя.
Ніна Савельева ахвотна дзеліцца ведамі і майстэрствам са сваімі вучнямі падчас майстар-класаў па народнай і сучаснай ляльцы ў Лагойскім доме рамёстваў.













