У Лёзне адкрылі помнік Марку Шагалу

5 ноября 2013
Тут яго памятаюць, любяць і ведаюць не толькі як сусветна вядомага мастака. Пражыўшы амаль сто гадоў, змяняючы гарады і краіны, майстар пэндзля заўсёды душой імкнуўся на малую радзіму. І сёння тут, у гарадку Лёзне, у гонар Марка Шагала адкрылі помнік. Што цікава, з гэтымі мясцінамі жыццё Шагала звязанае не менш, чым з Віцебскам. Адсюль яго продкі, і тут прайшлі дзіцячыя гады будучага мастака.

На малой радзіме Шагала пабывала і Вольга Маслоўская.

Два помнікі Шагалу - і абодва ў Віцебску. Трэці манумент скульптары ўзнаўлялі па старых фатаграфіях. Кансультаваліся са сваякамі мэтра.

Аляксандр Гвоздзікаў, скульптар: Тады было некалькі фатаграфій, з якіх мы і рабілі. Сваякі гавораць, што атрымалася падобна, унучка гаварыла, што падобна.

Натхнёны віцебскім небам, парыжскай восенню, сам Марк Шагал гаварыў, што душа яго ў Лёзне. Тут яе і трэба шукаць. Зрэшты, зараз дарогу да бацькоўскага дому тут падкажа кожны. Помнік атрымаў прапіску на тэрыторыі ваенна-гістарычнага музея.
На гэтай вуліцы маляваў свае першыя гравюры гімназіст Марк Шагал. Частка эскізаў захавалася ў доме-музеі Шагала ў Віцебску. На іх - побыт мастака ў асяроддзі сваякоў з Лёзна. Лепшы час для дзяцей - канікулы - звязаны менавіта з гэтым мястэчкам.

У гады вайны Лёзна быў цалкам разбураны. На жаль, не захавалася і сусветна вядомая аптэка, адлюстраваная на палотнах майстра. Аднак мясцовым краязнаўцам удалося знайсці падмурак дома дзядзькі Шагала, дзе будучы мастак часта гасцяваў. Зараз камяні палажылі ля бюста.

Шматлікія сваякі Шагала з Лёзна загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёння да месцаў масавага расстрэлу яўрэяў неслі кветкі мясцовыя жыхары і пасол Ізраіля. Іосіф Шагал адным з першых прыехаў на адкрыццё помніка майстру.

Іосіф Шагал, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі: Імя Шагала становіцца ці не брэндам для Беларусі. Але гэта не адзінае імя, якое ўслаўляе гэтую краіну. Для мяне як для ізраільцяніна важна тое, што на гэтай зямлі нарадзіліся пяць прэм'ер-міністраў і прэзідэнтаў Ізраіля.

Разам з Аляксандрам Гвоздзікавым над вобразам мастака працаваў яшчэ адзін скульптар - Азат Тарасян. Як і 20 гадоў таму, падчас працы над першымі віцебскімі манументамі Шагала, майстры ўпэўненыя: убачыць новага Шагала захочуць многія. Бо ля помніка таксама можна загадаць жаданне, прынамсі, побач з віцебскімі скульптурамі яны дакладна спраўджваюцца.