У Купалаўскім тэатры завяршаецца Пецярбургскі тэатральны сезон

18 декабря 2018

У Купалаўскім завяршаецца асаблівы тэатральны сезон. Упершыню – Пецярбургскі. XII Міжнародны фестываль сабраў у Мінску сучасныя пастаноўкі ад пяці тэатраў культурнай сталіцы Расіі: "Ноч Гельвера". "Неба ў чамадане", "Талстога няма". З аншлагам прайшла "Мадам Бавары" ў прачытанні тэатра імя Міронава.

Віктар Мінкоў, мастацкі кіраўнік фестывалю "Пецярбургскі тэатральны сезон": "Пасля прагляду ўсіх пяці спектакляў становіцца зразумела, як жыве зараз тэатральны Пецярбург і што мы сабой уяўляем. Пецярбургскі тэатральны сезон – гэта мост, які ў абсалютна розных сітуацыях – жыццёвых, палітычных – застаецца мостам культуры".

Мікалай Пінігін, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: "Гэта вельмі сур’ёзная праграма. І нам вельмі прыемна, што ў Расіі надыходзячы год абвешчаны Годам тэатра. І напярэдадні гэтага года мы прымаем Пецяргбурскі тэатральны форум".

Пецярбургскі тэатральны сезон гастралюе па свеце з 2007 года. Сучасныя спектаклі ігралі ў нацыянальных тэатрах Марсэля, Тбілісі, Афінаў, Берліна і Тэль-Авіва. У наступным годзе праект чакае Харватыя.