У культурным цэнтры "Корпус" адкрылася першая маштабная персанальная выстава Вілія Янкелевіча

17 июля 2019

Мастацкі дэбют - у 80. У культурным цэнтры "Корпус" адкрылася першая маштабная персанальная выстава мастака-аматара з Валожына  Вілія Янкелевіча. Маляўнічыя архівы з гаражнай майстэрні  ў Мінск перавёз унук. Аб мастацтве з вытрымкай - рэпартаж Ніны Мажэйкі.

Вілій Янкелевіч, мастак: "Я нарадзіўся амаль у дзень смерці Леніна. 21 студзеня Ленін памёр, і мой бацька быў бальшавік. Ён  назваў мяне ў гонар Леніна. Мяне і сябры клічуць Вілен. Уладзімір Ільіч Ленін". 

З такімі ініцыяламі яму б у сацрэалісты. Але Вілій Львовіч заўсёды пісаў не па каноне, а так, як жадаецца. У майстры пэндзля ніколі не рваўся. Хоць перадумовы былі - яшчэ пяцікласнікам стаў займацца ў мінскім Доме піянераў. Пазіраваў мастакам сталічнай Асмолаўкі. Творчасць не кінуў нават калі паехаў паднімаць цаліну. Будаваў кітайска-савецкую чыгунку. Там, у Казахстане, разам з сябрам стварыў арт-аб'яднанне. У духу віцебскіх авангардыстаў. 

"Нуль формы" як у Малевіча трансфармаваўся ў асабісты маніфест. Атрэалізм. Гэта значыць,  адштурхваецца ад рэальнасці. Аўтар шмат эксперыментуе з колерам. 

Майстэрня былога лесавода за 70 км ад Мінска - у гаражы. Замест палотнаў пад алей - кардон і дрэва. Тэмы вечныя: аб свеце,  аб людзях. Галаваломка для мастацтвазнаўцы. 

Вілій Янкелевіч, мастак: "А наогул у мяне няма стылю - ну няма ў мяне стылю. Таму што я працую не на заказ, не на пэўны вынік. Я вось раблю, а потым гляджу - нешта атрымалася. Трэба працаваць. Можаш чакаць гэтага натхнення ўсё жыццё. І не дачакацца. Гэта не тое слова. Нядобрае".

Дзядулю-пустэльніка  і яшчэ некалькі  дзясяткаў яго прац у сталіцу вярнуў унук. Псіхолаг Аляксандр Янкелевіч. Камбэк атрымаўся - у свае 80 дэбютант сабраў поўную залу. 

Аляксандр Янкелевіч, псіхолаг, унук Вілія Янкелевіча: "Я з дзяцінства рос  сярод прац дзеда. Яны вельмі арганічна ўпісаныя ў маё дзяцінства. Таму,  калі я ўжо пачаў  неяк  цікавіцца мастацтвам, то я вырашыў, што неяк дзіўна будзе, калі такое блізкае мне мастацтва знікае дзесьці ў гаражы".

Інга Ліндарэнка, сакуратар выставы: "Вілія як мастака варта разглядаць больш з боку індывідуальнай працы, індывідуальнага творчага шляху і не думаць,  як гэта ўпісваецца ў сучасны культурны кантэкст. Яго выставы хатнія - кожны год Вілій абнаўляў працы, экспазіцыю ў  сваім уласным доме. І жонка, яго дзеці, унукі былі гледачамі яго штогадовай выставы. Таму, можна сказаць, што гэта не першая выстава".

Затое ўжо сапраўды самая медыйная. Алейны жывапіс Янкелевіча-старэйшага да канца тыдня на сценах "Корпуса" - і зараз ужо назаўжды анлайн - у пастах гасцей  выставы.