У канцэртнай зале "Верхні горад" у Мінску загучыць арган

10 сентября 2015

Інструмент, якому амаль 100 гадоў, знаходзіўся ў сталічнай музычнай школе №2, а зараз пачаў перасяляцца ў цэнтр сталіцы. Спецыялісты сцвярджаюць, што ён павінен загучаць ужо праз год.

Сведкай першых рэстаўрацыйных работ стала Ларыса Гулякевіч. На гэтым месцы ў канцэртнай зале "Верхні горад" павінен знаходзіцца арган. Яго доўга шукалі, падбіралі. І вось хутка сваё новае жыццё атрымае інструмент пачатку ХХ стагоддзя вядомага майстра Вацлава Бярнацкага.

Увогуле ў Беларусі знаходзіцца амаль 100 арганаў розных майстроў, краін і эпох. Але па-сапраўднаму гучыць і дзейнічае толькі пятая іх частка. Сярод іх канцэртны арган у Белдзяржфілармоніі, касцёле Святога Роха і некалькі храмавых. Залы будынкаў спецыяльна плануюцца пад арганную акустыку.

Гісторыя аргана, які амаль паўстагоддзя знаходзіўся ў музычнай мінскай школе №2, вельмі загадкавая. Створаны ён з двух інструментаў адной вілейскай фабрыкі Вацлава Бярнацкага. Спачатку ён гучаў, але потым змоўк і выконваў толькі эстэтычную ролю ўпрыгожання.

Маскоўскі арганны майстар Дзмітрый Лотаў, які рэканструюе і збірае арганы, амаль 30 гадоў працуе ў Вялікім тэатры оперы і балета Расіі і ў Маскоўскай філармоніі. На яго рахунку і некалькі арганаў з Беларусі.

Пакуль арган па частках з трубамі і рэгістрамі пераязджае з музычнай школы ў Верхні горад. Работы па рэканструкцыі працягнуцца амаль год. Новы арган стане цудоўным падарункам мінчанам і гасцям сталіцы.