У Кіеве Цэнтру беларускай мовы і культуры прысвоена імя Уладзіміра Караткевіча

16 июня 2013
Урачыстае мерапрыемства наведаў першы намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч.

За падзеямі назірала Ганна Касцючэнка.

Рака Днепр і агульная мяжа - далёка не адзінае, што аб'ядноўвае Беларусь і Украіну. Бо нашы народы маюць глыбокія гістарычныя і культурныя сувязі. Для захавання традыцыі сяброўства з ініцыятывы беларускага боку ў 2010 годзе ў Кіеве быў адкрыты Цэнтр беларускай мовы і культуры. А праз тры гады яму ўрачыста прысвоена імя Уладзіміра Караткевіча - вядомага беларускага пісьменніка. І гэта не выпадкова, бо Уладзімір Сямёнавіч атрымліваў адукацыю і некаторы час выкладаў ва Украіне.

Леся Сцебліна-Рудзякова, дырэктар Цэнтра беларускай мовы і культуры пры Інстытуце філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі: Уладзімір Караткевіч і яго імя непарыўна звязана з Украінай. Ва Украіне ён пачаў пісаць свае творы, якія былі выдадзеныя спачатку на ўкраінскай, а затым беларускай мовах. Таму гэтая фігура не магла застацца без нашай увагі - гэта і студэнт нашага ўніверсітэта, і ў той жа час класік беларускай літаратуры. І падчас сустрэчы нашых выкладчыкаў з працаўнікамі пасольства ўзнікла ідэя, што наступным крокам да ўшаноўвання фігуры Караткевіча павінна быць прысваенне цэнтру імя Караткевіча.

Гэтым летам Беларускі цэнтр зноў чакае студэнтаў вывучаць беларускую мову і літаратуру. З дня заснавання працаўнікі цэнтра адзначаюць высокі конкурс на гэтую спецыяльнасць. Ад украінскай дзяржавы прадугледжваецца 8 бюджэтных месцаў.

Валянцін Вялічка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Украіне: Мы з гонарам сочым за развіццём гэтых адносін і ўсяляк дапамагаем. Нараўне з украінскай мовай будуць ведаць беларускую і англійскую мовы. Як бы ні склаўся лёс гэтых выпускнікоў, ім гэтыя веды спатрэбяцца. Спадзяемся, што ў будучыні студэнты выберуць гэта сваёй прафесіяй, на якой будуць будавацца нашы адносіны.

Зрэшты, не толькі культурны складальнік адносін Украіны і Беларусі актыўна развіваецца. У прыватнасці, нашы краіны плануюць пашырыць супрацоўніцтва ў сферы космасу і інавацыйных тэхналогій.