Сёння беларускую мову пачуе самая вялікая тэлеаўдыторыя ў свеце. У Кіеве праз паўгадзіны стартуе другі паўфінал "Еўрабачання". За конкурсам будуць сачыць больш як 200 мільёнаў гледачоў усёй планеты. Ад нашай краіны на шоу выступае група NaviBand, якая выканае песню "Гісторыя майго жыцця". Каменціраваць шоу будзе мой калега Яўген Перлін. І ён зараз выходзіць на прамую сувязь са студыяй з Міжнароднага выставачнага цэнтра (прамое ўключэнне).
Мы зараз знаходзімся побач з грын-румам - пляцоўкай, дзе будуць знаходзіцца выканаўцы пасля свайго выступлення на гэтай сцэне. Сёння гледачоў чакае яркае шоу, у якім прымуць удзел 18 артыстаў. Але толькі 10 з іх апынуцца ў фінале.
Пачнецца другі паўфінал з вельмі каларытнага нумара, дзе Украіна пакажа сваё бачанне лепшых песень Еўропы. Менавіта з-за гэтага шоу, напярэдадні генеральную рэпетыцыю прыйшлося чатыры разы прыпыняць.
NaviBand выйдзе на сцэну пад 14-ым нумарам. Нашы ўдзельнікі будуць лётаць над начной Беларуссю і ўсёй Еўропай. Яскравую і пазітыўную пастаноўку, графіку на LED-сцяне за артыстамі рабіла каманда вядомага ўкраінскага рэжысёра Максіма Літвінчука - ён прыдумаў нумар Джамалы ў мінулым годзе. Касцюмы, прычоскі і макіяж рабіла каманда, якая працавала над нумарам Златы Огневіч тры гады таму.
У гэтыя хвіліны нашы выканаўцы завяршаюць мейкап. Апошнія штрыхі перад шоу. Ксюша и Арцём пад пастаянным наглядам фаніятра і трэнера па вакале.
Ну і вяртаемся да тэмы беларускай мовы. Каменціраваць другі паўфінал я буду менавіта на ёй. Мы з камандай вельмі сур'ёзна рыхтавалі гэты эфір. Спадзяюся, гледачы “Беларусь 1” гэта ацэняць. Пачатак праз паўгадзіны!
На прамой сувязі са студыяй з кіеўскага Міжнароднага выставачнага цэнтра быў Яўген Перлін. Прамая трансляцыя другога паўфіналу "Еўрабачання" - у 22:00 на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама на сайце tvr.by.













