У Катавіцэ адбылася цырымонія адкрыцця дзіцячага "Еўрабачання-2019"

18 ноября 2019
Прадстаўніца Беларусі Лізавета Міснікова прэзентавала сябе на чырвонай дывановай дарожцы і ўпершыню сустрэлася з удзельнікамі конкурсу з 18 краін. Таксама артыстка паспела прыняць удзел у здымках візітовак і пагутарыць з прэсай. Як адкрывалі Еўратыдзень - з Польшчы рэпартаж  Іны Пілевіч.

Беларуская дэлегацыя засялілася ў еўрадом


З трапа самалёта яе, як зорку, сустракаюць з камерай. Ліза Міснікова дае інтэрв'ю польскаму тэлебачанню ў ВІП-зале Кракаўскага аэрапорта. І гэта толькі адзін з пунктаў яе маршруту на дзіцячае "Еўрабачанне". Лагістыка няпростая:  рэйс Мінск - Варшава, перасадка ў самалёт да Кракава, адкуль ужо аўтобус вязе ў Катавіцэ.

Менавіта тут размясціўся еўрадом. Калі прасцей -  гасцініца, дзе на час конкурсу жывуць дэлегацыі 19 краін-удзельніц.  Конкурс прымае не сталіца, а Сілезскае ваяводства. У гэты рэгіён Польшча плануе завабіць турыстаў менавіта з дапамогай рэйтынгавага шоу. Трансляцыю конкурсу ўпрыгожаць кадры мясцовых славутасцяў.

Ліза Міснікова прыняла ўдзел у здымках візітовак для дзіцячага "Еўрабачання-2019"


 Гжэгаш Кавец, рэжысёр візітовак для дзіцячага "Еўрабачання-2019" (Польшча): "У кожнай візітоўцы мы пакажам прыгожыя мясціны Сілезіі - паўднёвага рэгіёна Польшчы. На фоне гэтых краявідаў канкурсанты будуць гуляць і забаўляцца".

Краявіды Сілезіі ўжо знятыя. Зараз у іх інтэгруюць відэа з канкурсантамі. Сёння на базе мясцовага канала Ліза знялася ў персанальнай візітоўцы. Па сюжэце наша прадстаўніца глядзіць у тэлескоп і так пераносіцца ў іншую прастору, катаецца на веласіпедзе па мясцовых наваколлях.

Ліза Міснікова прыняла ўдзел у цырымоніі адкрыцця дзіцячага "Еўрабачання-2019"


Са здымак  у грымёрку. Яе ў сваім нумары абсталявала стыліст-іміджмейкер Жанна Лявонава. Тут артыстку рыхтуюць да выхаду на чырвоную дывановую дарожку. Для цырымоніі адкрыцця шоу вобраз, як быццам выканаўца толькі ўстала з ложка. Замест вячэрняй сукенкі Ліза аддала перавагу ўтульнаму аксамітаваму касцюму ў піжамным стылі.

Дзіцячае "Еўрабачанне" адкрываюць у Сілезскім тэатры. Перад цырымоніяй Ліза нарасхват у журналістаў.


Еўравізійнае дэфіле пад прыцэлам дзясяткаў тэлекамер. Усе краіны-ўдзельніцы з'яўляюцца на чырвонай дывановай дарожцы ў алфавітным парадку. Канкурсанты абавязкова вітаюць вядучага і адказваюць на некалькі пытанняў на англійскай мове для міжнароднай аўдыторыі.

Момант, які інтрыгуе, - жараб'ёўка. Выпадкова вызначаюць толькі першы і апошні нумары выступленняў і пазіцыю краіны-гаспадыні.

Так, адкрые шоу Аўстралія, а ў фінале выступіць Сербія. Гаспадыня конкурсу -  Польшча  - адзінаццатая. Астатнія пазіцыі ў хуткім часе назавуць прадзюсары. Дарэчы, ужо заўтра Ліза ўпершыню праспявае свой попельны хіт на конкурснай сцэне - у раскладзе беларускай дэлегацыі рэпетыцыя ў суседнім горадзе Глівіцэ.