У Івянцы адкрыўся музей местачковага побыту

8 июня 2016

Новы аб'ект заняў будынак былога свірана, які належаў апошняму ўладальніку Івянца Пятру Дарагунцаву.

Нагадвае музей жылую хату, дзе аднавілі побыт мінулага стагоддзя. Прадметы ў чатырох пакоях калісьці дапаўнялі інтэр'ер розных дамоў, рэчы музею прэзентавалі самі ўладальнікі. Аляксандра Драгун адправілася на экскурсію.

Гукі дуды, жалейкі, скрыпкі і барабанаў пераплятаюцца ў жвавую мелодыю полькі. Без гэтага танца не абыходзілася ніводнае свята ў Івянцы. Хоць полька з'явілася два стагоддзі таму на тэрыторыі сённяшняй Чэхіі, танец стаў народным для шматлікіх краін.

Мелодыі бытавых традыцыйных танцаў, пад якія скакалі калісьці жыхары Валожынскага раёна - у рэпертуары маладых выканаўцаў. Вальс, падэспань, кракавяк… Івянецкую аранжыроўку вядомым скокам калісьці зрабілі продкі. Тагачасныя музычныя тэндэнцыі сёння даследуюць у мясцовай школе мастацтваў.

Народныя абрады і святы, якія адраджаюць у Валожынскім раёне, абавязкова дапаўняе каларытнае гучанне духавога гурта. Пад акампанемент маладых музыкантаў адкрылі і хату мясцовага побыту.

Пры дапамозе гэтай прылады продкі гатавалі каўбасу са свежаніны. А халодны ласунак з малака - у металічнай марожаніцы. Чатыры музейныя пакоі быццам пераносяць наведвальнікаў у хату сваіх жа прабабак і прадзедаў.

Рэчы ў музеі рарытэтныя - ад мэблі да сталовага посуду… У мінулым стагоддзі без іх не абыходзіліся нашы продкі ў побыце. Нават адзенне ў шафе - са старонак калісьці модных часопісаў. Дарэчы, экспазіцыя інтэрактыўная. Сукенкі і паліто можна прымераць і, напрыклад, зрабіць селфі.

Утульнасць і ўрачыстасць імправізаванаму жыллю надаюць беласнежныя фіранкі, саматканыя коўдры на ложках, фотаздымкі на сценах. Дарэчы, у музейным будынку некалькі ўзроўняў.

Стагоддзе таму тут жыў апошні ўладальнік Івянца - Пётр Дарагунцаў. Яго фамільны маёнтак займаў прыкладна гектар. Пасля пажару ад дома засталіся руіны, прысядзібныя ж будынкі захаваліся. Сёння яны ўваходзяць у музейны комплекс. З кожным годам гэтае месца вабіць усё больш турыстаў і аматараў квэстаў.