У Гродне праходзіць Фестываль нацыянальных культур

1 июня 2018

Яго называюць фестываль фестываляў і пераконваюць - іншага такога ў свеце няма. У Гродне сёння праходзіць Фестываль нацыянальных культур. Свята ў горадзе над Нёманам пачалося яшчэ раніцай. Да гэтай гадзіны на плошчы ля старога і новага замкаў адкрылі помнік Давыду Гародзенскаму. Гэты князь увайшоў у гісторыю як легендарны палкаводзец, які, абараняючы горад, не прайграў ні адной бітвы. Аўтар гранітнага манумента - мінскі скульптар Сяргей Аганаў. Помнік зроблены з рэдкага светла-шэрага граніту. Давыд Гародзенскі паказаны вярхом на кані. Фігура наезніка - прыкладна 2 з паловай метры вышынёй, яе вага - каля 9 тон.

А днём на левым беразе Нёмана адкрылі панарамную пляцоўку. Атрымаўся сапраўдны арт-аб'ект з каларытнай ратондай у цэнтры. Альтанка аформлена ў традыцыйных фестывальных матывах. Візуальна выглядае як сімвал свята - кветачка-сяміпялёстачка. У цёмны час сутак ратонда будзе падсвечвацца. Дапоўнілі кампазіцыю аб'ёмнымі вазамі з кветкамі. Да святочнага шэсця, калі па цэнтральных вуліцах пройдуць прадстаўнікі адразу 35 дыяспар, застаецца ўжо менш за гадзіну. Прадоўжыцца фестываль 3 дні, а ў нядзелю свята пераедзе на Аўгустоўскі канал.