У Гродне святкуюць дзень cвятого Казіміра

5 марта 2016

Рамеснікі з трох краін святкуюць у Гродне дзень свайго заступніка - cвятого Казіміра. Так званыя Казюкі сабралі ў абласным цэнтры больш чым 150 ювеліраў, дызайнераў, бондараў і кавалёў. І сёлета прынялі на сябе і дабрачынную функцыю - дапамога дзіцячаму хоспісу. Расказвае Дзмітрый Смірноў.

Калі адкінуць звыклыя ХХІ стагоддзю смартфоны, аўтамабілі і музычнае суправаджэнне, то менавіта так выглядаў бы гродзенскі кірмаш часоў святога Казіміра. Ён быў сынам Вялікага князя Літоўскага Казіміра Чацвёртага Ягелончыка. Гісторыкі пацвярджаюць сувязь заступніка рамеснікаў з горадам. І сёння фестываль сабраў больш чым 150 майстроў. Большасць з іх беларускія. Але тут сярод кірмашовых павільёнаў іх калегі з Украіны і Літвы.

На Казюках можна знайсці практычна ўсё - саламяныя, фарфоравыя і лямцавыя лялькі, упрыгажэнні з камянёў, жалезныя ружы, драўляных рыб і цмокаў, шкляныя кулоны і цукарніцы, нават бочкі для засолкі агуркоў. Кавалі і зусім арганізавалі майстар-клас пад адкрытым небам.

Але майстры вучылі не толькі правільна стукаць па кавадле.

Каваль тут, на гродзенскіх Казюках, гэта не толькі выкаваныя падковы і звон металу, але яшчэ і бліны. Майстры самі іх гатуюць і частуюць усіх, хто жадае.

Сёлета Казюкі, дарэчы, упершыню з кірмаша народных майстроў сталі яшчэ і дабрачынным праектам. Падчас фестывалю было падпісана пагадненне паміж медыкамі Гродна і Беластока аб узаемных кансультацыях і медыцынскай дапамозе для дзіцячага хоспіса.

Казімір Знайдзінскі, старшыня Гродзенскага гарадскога аддзялення ГА "Саюз палякаў на Беларусі": "Мы просім кожнага рамесніка на нашым кірмашы дапамагчы дзіцячаму хоспісу і ўнесці свой пасільны ўклад для нашых дзяцей, таму што ў большасці людзей добрае і высакароднае сэрца".

Дарэчы, адначасова з Гроднам Казюкі святкуюць яшчэ ў польскіх Сувалках і Вільнюсе. У сталіцы Літвы кірмаш расцягваецца амаль на дзесяць кіламетраў. У ім традыцыйна бяруць удзел і майстры з Беларусі.