У Гродне адкрыўся міжнародны фестываль праваслаўных спеваў "Каложскі дабравест"

25 февраля 2016

Арганізатары чакаюць удзельнікаў і гасцей з Францыі, Арменіі, Сербіі, Малдовы, Румыніі, Польшчы і ўпершыню - з Узбекістана. З Ташкента прыедзе хор Свята-Успенскага кафедральнага сабора. Усяго заяўкі на конкурс харавых песень падалі 35 царкоўных і свецкіх калектываў.

Протаіерэй Андрэй Бандарэнка, старшыня журы фестывалю "Каложскі дабравест", клірык гродзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора: "Гэтыя традыцыі царкоўнага спеву, якія адрозніваюцца ў прынцыпе адна ад адной, розныя культуры - музычныя, і культура царкоўнага спеву: грэкі, візантыйскі старажытны спеў, румыны, сербы. Усё гэта нас аб'ядноўвае, хай гэта будуць розныя спевы, але яны ўсе на аснове святых тэкстаў".

"Каложскі дабравест" - гэта фестываль, які паўтара дзясятка гадоў назад пачынаўся як конкурс прыходскіх калектываў. Фестываль прадоўжыцца чатыры дні. Імёны пераможцаў стануць вядомыя 27 лютага.