У Гродзенскай вобласці адраджаюцца палацавыя комплексы

17 сентября 2019

У гэтыя выхадныя юбілей адзначыць Гродзенская вобласць. 75 гадоў развіцця. Дарэчы, адным з дасягненняў рэгіёна лічыцца адраджэнне гістарычнай спадчыны. Тут знаходзяцца амаль усе замкі і палацы, якія захаваліся ў Беларусі. Ужо завяршылася рэстаўрацыя Мірскага і Лідскага замкаў, на чарзе каралеўская рэзідэнцыя ў Гродне. Адраджаюцца і палацавыя комплексы. Пра тое, як захоўваючы мінулае, глядзяць у будучыню, - Юрый Карняловіч. 

Каралеўскі замак у Гродне - жамчужына рэгіёна

Сёння на тэрыторыі Гродзенскага Старога замка замест турыстаў дзясяткі будаўнікоў. Працуе цяжкая тэхніка. Рэканструкцыя рэзідэнцыі вялікага князя літоўскага Вітаўта, а затым і караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя вядзецца ўжо два гады. Пастаўленая маштабная задача аднавіць згубленыя сцены і вежы XVI стагоддзя. Адначасова з рэстаўратарамі на аб'екце працуюць і археолагі.

Юрый Кітурко, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея: "Былі выяўленыя рэшткі пабудоў драўляных да XIV стагоддзя ўключна. Знойдзена мноства рэчаў, прадметаў з жалеза, керамікі, скуры. Знойдзена вялікая колькасць астаткаў узбраення: наканечнікі арбалетных стрэлаў, каменныя ядры".

Уся рэканструкцыя будзе праходзіць у тры этапы. Зараз ужо завяршаюцца работы на ўязной і сярэдняй вежах, а таксама  на паўднёвай сцяне замка. Будаўнікі літаральна па драбінцы аднаўляюць мур, які захаваўся, паспех у такой справе непрымальны. 

Рэканструкцыя палацава-паркавага комплексу "Свяцк"

Яшчэ адзін знакавы аб'ект, які сёння аднаўляецца ў рэгіёне, - палацава-паркавы комплекс "Свяцк". Рэзідэнцыю магнатаў Валовічаў пабудаваў у канцы XVIII стагоддзя італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Ва ўнікальнай сядзібе ў савецкія часы размяшчалася лячэбніца, затым комплекс прыйшоў у заняпад. Удалае размяшчэнне побач з Аўгустоўскім каналам дазволіла ўдыхнуць у помнік архітэктуры  новае жыццё.

Анатоль Пархута, галоўны архітэктар ААТ "Гроднажылбуд": "Гэта і музейная частка, гэта і турыстычная, гэта і аздараўленчая, гэта і грамадска-палітычны комплекс. Таму што на мяжы трох дзяржаў, зона Еўрарэгіёна "Нёман", побач Калінінградская вобласць. Гэты аб'ект будзе запатрабаваны ў такім шматфункцыянальным плане".

Гэта далёкія планы, а пакуль у палацы актыўна вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Ужо цалкам замянілі дах, адрамантавалі флігелі. Начальнік будаўнічага ўчастку Міхаіл Бартыш на аб'екце з першых дзён. Прызнаецца,  праца не з лёгкіх. Трэба захаваць усе аўтэнтычныя элементы інтэр'еру.

Найстаражытнейшы каменны храм Беларусі - Каложская царква - здабыла гістарычны выгляд

Ужо здабыла свой гістарычны выгляд і гродзенская Каложская царква XII стагоддзя. Два стагоддзі таму паўднёвая сцяна храма абвалілася ў Нёман. Тады яе аднавілі з дрэва. Да нашых дзён помнік архітэктуры дайшоў у аварыйным стане.

Рэканструкцыя старажытнай Каложы завяршылася летась. Будаўнікі ўмацавалі падмурак, а старую драўляную сцяну замянілі на новую.

Гістарычная спадчына Гродзеншчыны

Помнікам архітэктуры прызнаны і ўвесь гістарычны цэнтр Гродна. Тут таксама праводзяцца рэстаўрацыйныя работы. Галоўная задача - захаваць непаўторнае аблічча еўрапейскага горада.