У Гродзенскай вобласці руйнуецца палацавы комплекс Радзівілаў

20 апреля 2018

У Гродзенскай вобласці руйнуецца палацавы комплекс Радзівілаў з 300-гадовай гісторыяй. Унікальныя будынкі з сярэдзіны мінулага стагоддзя апынуліся нікому не патрэбныя. У выніку цалкам страчаны паўночны флігель, а ад паўднёвага засталіся толькі сцены. Усяго некалькі тыдняў назад абрынулася і частка трыумфальнай аркі - архітэктурнай жамчужыны комплексу. Менавіта пад ёй праходзіла сельская дарога. Ці ёсць перспектывы ва ўнікальнага гістарычнага аб'екта - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Бернарда Догель успамінае, калісьці тут яшчэ быў і вялікі сад. Сёння палацавы комплекс Радзівілаў з 300-гадовай гісторыяй руйнуецца на вачах.

У 18 стагоддзі гэтае месца Радзівілы збіраліся зрабіць сваёй рэзідэнцыяй і пабудаваць тут палацавы комплекс. І першае, што яны ўзвялі, была трыумфальная арка. Першапачаткова яна мела нават другі паверх, але ў пасляваенныя гады яго разабралі.

Менавіта арка ўтойвала ў сабе найбольшую небяспеку. Яе паўднёвая частка рухнула літаральна на дарогу, якая праходзіць пад ёй. Гэтым шляхам мясцовыя жыхары дабіраліся з аднаго канца вёскі ў другі, нярэдка тут праязджалі і аўтамабілі. Усё здарылася ўначы, таму ніхто не пацярпеў. Зараз тэрыторыя абгароджана, праўда, пакуль толькі пластыкавай стужкай.

На большае ў мясцовых улад няма ні сродкаў, ні паўнамоцтваў. Унікальны палацавы комплекс хоць і з'яўляецца гістарычным помнікам мясцовага значэння, але ў спіс культурнай спадчыны Беларусі не ўнесены. А значыць, паводле слоў чыноўнікаў, няма фінансаў нават на кансервацыю таго, што засталося, не кажучы ўжо пра аднаўленне.

Перспектывы ў палаца Радзівілаў не радасныя. Рэстаўрыраваць яго не будуць, але і зносіць руіны цалкам ніхто не збіраецца. Ды і забараніць доступ на аб'ект мясцовым жыхарам і турыстам не атрымаецца. А значыць, унікальны помнік архітэктуры па-ранейшаму будзе ўтойваць у сабе небяспеку. Праўда, усяго некалькі гадоў. Калі разбурэнні будуць ісці такімі тэмпамі, неўзабаве тут застануцца толькі груды цэглы.