У Гарадку з'явілася скульптурная кампазіцыя "Тарас на Парнасе"

18 мая 2015

Ужо другі раз. Пра гэтую гісторыю мы распавядалі раней. Помнік у цэнтральным парку горада з'явіўся летась у жніўні да абласных "Дажынак", але літаральна праз некалькі месяцаў скульптура знікла. Як высветлілася, заказчык не разлічыўся. Пра вяртанне гарадоцкага брэнда ў рэпартажы Марыны Раманоўскай.

Абласныя "Дажынкі" ў Гарадку адзначалі з размахам. У 2014-м Віцебская вобласць сабрала рэкордны для сябе ўраджай - 1 мільён 302 тысячы тон збожжавых. Госці прыехалі нават з прыгранічных рэгіёнаў Расіі. Менавіта к святу ў цэнтральным парку горада і з'явілася скульптура "Тарас на Парнасе". Але, як аказалася, ненадоўга.

Тым, хто паспеў сфатаграфавацца на фоне скульптуры, пашанцавала. На яе месцы ўтварылася пустка. Упрыгажэннем гарадскога парку Тарас на Парнасе быў усяго два месяцы. Помнік дэмаціравалі за няплату.

Увесь гэты час скульптура пылілася на складзе фірмы-вытворцы. Бізнесмены стаміліся чакаць, калі ўлады разлічацца за працу. Кошт скульптурнай кампазіцыі перавышае мільярд рублёў. Пра тое, што помнік усё-такі вернецца ў Гарадок, жыхары даведаліся, патэлефанаваўшы на прамую лінію ў райвыканкам. Заплаціў замежны інвестар.

Для гарадчан гэтая скульптура не проста ўпрыгажэнне цэнтральнага парку. Аб прыгодах ляснічага Тараса тут чытаў кожны мясцовы жыхар. Навукоўцы лічаць: беларуская паэма была напісаная на гарадоцкай зямлі.

Зараз з гэтым тут мала хто рашыцца паспрачацца. Для гарадчан паэма "Тарас на Парнасе" не проста параграф з падручніка. Гэта брэнд.

Зараз у райцэнтры рыхтуюцца да штогадовага свята "Гарадоцкі Парнас". Галоўная фестывальная пляцоўка разгорнецца ля зноў усталяванага помніка. Зараз не толькі ў літаратурнага героя, але і ў самой скульптуры ёсць свая цікавая гісторыя.