У Гомелі закаханыя акунуліся ў атмасферу Усходу

14 февраля 2015

Усім закаханым прысвячаецца… У Гомелі ў палацы Румянцавых-Паскевічаў наладзілі сімвалічную рэгістрацыю шлюбу ў японскім стылі. Маладыя пары змаглі акунуцца ў атмасферу Усходу і здзейсніць японскі вясельны рытуал.

Сведкай такой цырымоніі стаў і наш карэспандэнт Аляксей Немаў. Усходняя культура і традыцыі заўсёды выклікалі цікавасць. Але не проста даведацца нешта новае, а акунуцца ў атмасферу Усходу змаглі ў Гомелі. У палацы Румянцавых-Паскевічаў вырашылі не абмяжоўвацца проста дэманстрацыяй выставы, а прапанавалі ўсім закаханым правесці японскае вяселле.

Вікторыя Заяц, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля: "У нас у музеі, у нашым палацы, пастаянна праходзяць вяселлі. У цёплы час года на тэрасе палаца - традыцыйныя. Іх вельмі шмат заўсёды. Вырашылі на Дзень закаханых нашу моладзь трошкі здзівіць і прыдумалі японскае вяселле на японскай выставе".

Маладую пару пераапранулі ў нацыянальныя касцюмы. Свае прызнанні закаханыя вымавілі на японскай мове. А сведкамі шлюбу сталі сапраўдныя самураі і бог ветру і буры Сусанаа.

Гэты абрад завецца "сан-сан-куда", што даслоўна азначае "тры-тры-дзевяць разоў". Два чалавекі, якія прыносяць адно аднаму клятву вернасці, па чарзе робяць па тры глаткі сакэ з трох кубачкаў. Гэта павінна прынесці шчасце маладым людзям.

Ахвочых правесці такую цырымонію апынулася нечакана шмат. Запісвацца даводзілася загадзя. Акрамя ўражанняў, кожная пара атрымала сертыфікат на японскай мове.

Зараз Васіліса і Аляксей сталі ота-сан і цума-сан. Менавіта так па-японску гучыць муж і жонка. Яны ўпэўненыя, што зусім хутка адбудзецца і традыцыйнае вяселле, і сямейная скарбонка папоўніцца сапраўдным пасведчаннем.