У галерэі Вілейскага краязнаўчага музея працуе выстава, прысвечаная праваслаўным святыням

14 апреля 2016

Ад святарскіх убораў да старажытных абразоў. У галерэі Вілейскага краязнаўчага музея працуе выстава, прысвечаная праваслаўным святыням, якія сёлета адзначаюць гадавіны. У экспазіцыі – чатыры раздзелы. Яны змяшчаюць каштоўныя рэчы і дакументы кожнай царквы. Аб духоўным жыцці Вілейскага раёна раскажа Аляксандра Драгун.

Старажытныя абразы Віленскай іканапіснай школы, метрычныя кнігі, рызы духавенства, Евангелле, па якім адпраўлялі службу больш за стагоддзе таму… Царкоўныя рэліквіі і дакументы, што звычайна знаходзяцца па-за вачыма прыхаджан, выставілі на паказ. З нагоды юбілеяў чатырох храмаў Вілейскага раёна.

У экспазіцыі – чатыры раздзелы, якія змяшчаюць каштоўныя рэчы і фотаздымкі кожнай царквы. Вось - чаша для хрышчэння са святыні Мікалая Цудатворца, што ў вёсцы Латыгаль.

Ёсць меркаванні, што гэта былы музычны інструмент літаўра, які пакінулі ў святыні шведскія войскі. Пасля яго прыстасавалі для правядзення абраду. Цікавая і сама гісторыя культавай пабудовы.

На тэрыторыі ля царквы дагэтуль знаходзяць шведскія манеты, гузікі з салдацкай формы, рэчы, датаваныя 17-м стагоддзем. Храм - помнік народнага дойлідства з рысамі барока. На ўваходзе знаходзіцца абраз святога Мікалая Цудатворца. Неаднаразова царкву рамантавалі, але агульны архітэктурны выгляд не змяняўся на працягу 245 гадоў.

Менавіта з гэтага месца пачынаецца духоўнае жыццё Вілейкі. З царкоўнай кнігі вядома, што тут існавала царква ў 15-м стагоддзі. Але пра яе лёс не захавалася звестак. Пасля - у 19-м стагоддзі на намоленым месцы ўзвядуць новы храм. І асвяцяць яго ў гонар Велікамучаніка Георгія Перамоганосца.

Але драўляную святыню знішчыў пажар. Сёння ж цэнтрам праваслаўнага жыцця, месцам для правядзення заняткаў нядзельнай школы стала царква ў імя Прападобнай Марыі Егіпецкай. Два гады таму ля пяцікупальнай царквы пабудавалі дом духоўнай асветы.

Сёння на вілейскай зямлі больш за 20 праваслаўных храмаў. Усе яны - найперш месцы для малітвы і духоўнага ўзбагачэння, а яшчэ – своеасаблівыя асветніцкія цэнтры, дзе штогод ладзяцца фестывалі праваслаўнай кнігі і культуры.