Беларусы асвоілі хакей па падручніку. 100 гадоў таму ў кнігарнях Мінска пачаўся продаж вось гэтай спартыўнай хрэстаматыі. Выданне пад назвай Хакей і бендзі (для даведкі, гэта хакей з мячом) знаёміць з правіламі гульні. Тады на нашых землях гульню ўспрымалі як забаву, прыдуманую канадцамі, і не меркавалася, што хакей стане не проста папулярным, а алімпійскім відам спорту.
Першы афіцыйны матч беларусы згулялі толькі праз 25 гадоў з моманту выдання кнігі. Тады зборная Брэста змагалася з мінскай хакейнай камандай. Айчынны летапіс лядовых бітваў склала Нацыянальная бібліятэка спецыяльна да будучага сусветнага першынства. З фондаў выстаўлена каля 2 сотняў дакументаў - энцыклапедыі, слоўнікі, каталогі, даведнікі, календары, афішы, буклеты.
Як змянялася спартыўная экіпіроўка і хто ў розныя гады абараняў гонар нашай краіны на лёдзе. Эвалюцыю можна лёгка прасачыць у фатаграфіях. Здымкі з архіва Федэрацыі па хакеі. Далі лепшыя кадры за амаль 20-гадовую гісторыю спорту незалежнай Беларусі.
У фотагалерэі сабраны самыя відовішчныя моманты ў гісторыі Нацыянальнай зборнай па хакеі. Напрыклад, гэты здымак стаў ужо гістарычным. Фота зроблена ў 2002 годзе на алімпіядзе ў Солт-Лейк-Сіці, калі нашы спартсмены ў чвэрцьфінале абгулялі аднаго з фаварытаў турніру - зборную Швецыі і выйшлі ў паўфінал.
Ад шлема да канькоў. На вернісажы дэманструюць і трафейную экіпіроўку. Самы каштоўны экспанат ахвяраваў калекцыянер і спартыўны фанат, які пажадаў застацца інкогніта. Выставіў на ўсеагульны агляд клюшку зборнай Савецкага Саюза па хакеі канца 70-х гадоў, дзе свае аўтографы пакінулі ўсе гульцы каманды.














