У галерэі Белтэлерадыёкампаніі - выстава Сяргея Давідовіча

12 апреля 2014

Яна прысвечана чэмпіянату свету па хакеі. Зімовымі відамі спорту захапіліся героі мастака - вясковыя старыя.


Як ідуць трэніроўкі - разглядала (на карцінах) Ларыса Гулякевіч. Спартыўны азарт па-беларуску - з гумарам, запалам, экспрэсіяй і вясковым каларытам. Усё гэта ў карцінах Сяргея Давідовіча. Серыя работ, якіх ужо каля 40-ка, прысвечана розным відам спорту. Праўда, трэніроўкі і спаборніцтвы праходзяць не на прафесійных спартыўных пляцоўках, а ў беларускай вёсцы.


Вясковыя героі Сяргея Давідовіча, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, пабывалі на некалькіх Алімпіядах, рыхтуюцца яны і да чэмпіянату свету па хакеі. Спецыяльна гэтай тэме прысвечаны і некалькі новых работ мастака.


Спартыўная калекцыя Сяргея Фёдаравіча пачала нараджацца шмат гадоў таму. Яе заўважылі і вырашылі надрукаваць сувенірныя наборы паштовак з беларускім гумарам. Старыя-спартсмены Сяргея Давідовіча пабывалі на Алімпіядах у Пекіне, Ванкуверы, Лондане. Тыраж паштовак неаднаразова аднаўляўся.


Як без хакейнай тэмы. Гэты трыпціх з'явіўся зусім нядаўна, як раз да чэмпіянату свету. Гэта Атака, дзе бабка азартна наступае на дзеда. Другая карціна - Выдаленне. Тут дзед парушыў правілы, ад чаго пацярпеў іншы гулец. Трэцяя серыя - Сілавы прыём.


Насамрэч Сяргей Давідовіч па адукацыі юрыст і прафесіі сваёй служыў доўгія гады. Усё жыццё піша вершы, паэмы, аповеды і…карціны. Спартыўны кірунак - толькі невялікая частка сацыяльных тэм, якім ён прысвяціў свой творчы талент.