У Фарным касцёле ў Гродне завяршаецца аднаўленне аднаго з 13 алтароў

30 мая 2020
Рэканструкцыя cвятыні з гісторыяй у тры стагоддзі. У галоўным каталіцкім храме Гродна - Фарным касцёле - завяршаецца аднаўленне аднаго з 13 алтароў. Пяціметровая  канструкцыя поўнасцю зроблена з дрэва, пры гэтым пафарбавана пад мармур. Унікальную тэхналогію 18 стагоддзя ўзнаўляюць беларускія майстры Мікалай і Елісей Лёля. Бацька з сынам працуюць у гродзенскім касцёле не першы год. На іх рахунку пяць  адрэстаўрыраваных алтароў. 

Як захоўваюць гісторыю - у рэпартажы Юрыя Карняловіча. Гродзенскі фарны касцёл - святыня ўнікальная для Беларусі. Знешні выгляд і ўнутранае убранне храма захаваліся да нашых дзён і практычна не змяніліся. Сапраўднай каштоўнасцю касцёла лічацца 13 драўляных алтароў. Праўда, за тры стагоддзі яны страцілі былую прыгажосць і патрабавалі абнаўлення.

Маштабная рэстарўрацыя ў Гродзенскім фарным касцёле пачалася ў 2006 годзе. Тады, падчас пажару быў пашкоджаны галоўны алтар. На яго ўзнаўленне спатрэбілася некалькі гадоў. Усе работы праводзіліся сіламі беларускіх спецыялістаў. Пасля цэнтральнага алтара было прынята рашэнне паступова рэстаўрыраваць і ўсе астатнія. Сёння ў майстра Елісея Лёлі задача не з простых. Драўляныя элементы неабходна пафарбаваць так, каб выглядалі яны як мармуровыя. Менавіта ў такой тэхніцы былі створаны святыні 300 гадоў таму.

Для маладога спецыяліста Фарны касцёл - знакавы аб’ект. Разам з бацькам, таксама рэстаўратарам, Елісей Лёля працаваў тут яшчэ школьнікам. Тады ён быў проста памочнікам, а сёння яму даручылі самастойна ўзнаўляць элементы алтара.

І калі сын займаецца асновай алтара, то бацька Мікалай Лёля, выконвае самыя складаныя работы. Рэстаўрыруе і пакрывае пазалотай разныя дэталі. Справа гэта не хуткая, над адным элементам прыходзіцца працаваць амаль два месяцы, а іх некалькі соцень. Мікалай Лёля працуе ў Фарным касцёле ўжо некалькі гадоў. Прызнаецца, захаваць такую ўнікальную спадчыну для яго стала справай гонару.

Поўнасцю ўжо адноўлены пяць алтароў. Як паказала практыка, марудзіць з рэстаўрацыяй было нельга. Некаторыя драўляныя элементы моцна пашкоджаны, і іх прыйшлося вырабляць нанава.

На поўнае аднаўленне ўнутранага выгляду касцёла спатрэбіцца некалькі гадоў. Аднак спяшацца не трэба, сцвярджаюць спецыялісты. Галоўная задача - поўнасцю вярнуць алтарам першапачатковы выгляд. Ды і якасць рэстаўрацыі майстры гарантуюць. Святыні прастаяць яшчэ як мінімум тры стагоддзі.