У Еўропе пакажуць старажытныя беларускія абразы

28 апреля 2014
Упершыню тры выставы ў Венгрыі прадставяць наша мастацтва іканапісу 17-18 стагоддзяў. 30 абразоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея пазнаёмяць венгерскія гарады з беларускім мастацтвам і гісторыяй.

Ларыса Гулякевіч убачыла экспазіцыю.

Каб прадставіць культурную спадчыну Беларусі ў Еўропе, лепшых экспанатаў, чым беларускія абразы, складана знайсці. Выстава Абразы Беларусі 17-18 стагоддзяў адкрываецца ў Венгрыі. Тым больш што цяперашні год тут аб'яўлены Годам культуры.
Міжнародны мастацкі праект Беларусі і Венгрыі прадстаўляюць 30 беларускіх шэдэўраў старажытнага іканапісу. Гэтыя творы мастацтва адлюстроўваюць усю разнастайнасць іканаграфіі, мастацкіх кірункаў і творчых манер беларускіх іканапісцаў.

Гэта тая сфера духоўнай культуры, якая паказвае нашу самабытнасць. Спосабам адлюстравання святых, арнаментальносцю фону, пазалотай, нават эмацыянальным планам беларускія абразы адрозніваюцца не толькі ад візантыйскіх, але нават ад рускіх.

Тут і Божая Маці Адзігітрыя другой паловы 18 стагоддзя. Выстава знаёміць еўрапейскую аўдыторыю з такой з'явай як беларускае барока ў іканапісе 18 стагоддзя на прыкладах абразоў Раство Хрыстова, Хрыстос Вялікі Архірэй. Таксама прапануюцца іконы, якія ўпрыгожвалі хары гродзенскага касцёла Дабравешчання на тэрыторыі манастыра брыгітак, пабудаванага ў сярэдзіне 17 стагоддзя.

Выстава беларускіх абразоў пройдзе ў трох венгерскіх гарадах. Першая - у Нацыянальным гістарычным музеі Будапешта, наступныя - у музеях Сольнака і Кечкемета.