Сёлета мы адзначым 500-годдзе беларускага кнігадрукавання

23 января 2017

2017, аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі, праходзіць яшчэ і пад знакам Францыска Скарыны. Сёлета мы адзначым 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Гэта быў навуковы, духоўны і адукацыйны прарыў. Днямі з друку выйшла кніга, прысвечаная беларускаму асветніку. Гэта выдавецкі праект Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. І менавіта з расійскага боку паступіла прапанова аб выданні кнігі пра Скарыну, каб ліквідаваць прабелы ў веданні гісторыі і культуры саюзнай краіны.

Алена Борматава - аб фактах, якія для шматлікіх стануць сенсацыяй.

«Франциск Скорина. Человек мира» - рускамоўнае навукова-папулярнае выданне, разлічанае на шырокае кола чытачоў. Першы тыраж у тысячу экзэмпляраў накіраваны ў навуковыя, бібліятэчныя і педагагічныя ўстановы Расіі. Сам аўтар – малады беларускі даследчык, культуролаг, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, застаўся без асобніка.

Днямі з друку выйдзе дадатковы тыраж выдання - 2 тысячы кніг. Не такі маштабны, але ўдвая большы за тыраж самога Скарыны. Першадрукар кожны са сваіх тамоў выдаваў прыкладна тысячным накладам. Сёння ў свеце захаваліся 520 экзэмпляраў усіх 25 скарынаўскіх кніг. У Беларусі толькі 10. Яны як адзіная калекцыя набываліся для Нацыянальнай бібліятэкі амаль 100 гадоў таму.

Дата пачатку беларускага кнігадрукавання сёння вядома дакладна. Гэта 6 жніўня 1517 года, калі была выдана першая і самая папулярная кніга Скарыны «Псалтыр». І менавіта яна да сучаснасці дайшла ў двух няпоўных асобніках. Абодва захоўваюцца ў Расіі. І зараз вядуцца перамовы, каб сёлета іх у арыгінале можна было выставіць у Беларусі.

Рарытэты сёння ў фондах Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве і Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. У адным з асобнікаў няма пачатку, у другім – канцоўкі. Толькі сумясціўшы іх, можна атрымаць поўны ідэальны экзэмпляр. Нават беларускія даследчыкі сёння не могуць дасканала вывучыць гісторыю беларускага кнігадрукавання, не звярнуўшыся да расійскіх збораў. А тым часам самі расіяне часта не ведаюць, якім кніжным скарбам валодаюць.

Сенсацыйным для расіян, безумоўна, стане факт, што Скарына на паўстагоддзя апярэдзіў, як яны лічаць, першадрукара Фёдарава і яго паплечніка Мсціслаўца, якія, дарэчы, таксама выхадцы з нашых зямель, але мелі друкарню ў Маскве. Адкрыццём стане і тое, што апроч выдання кніг Скарына быў сакратаром караля Даніі і лекарам герцага Прусіі. А яшчэ паэтам і батанікам.

Мова ж, на якой першадрукар пісаў свае кнігі, была заснавана на царкоўнаславянскай, але з вялікай колькасцю беларускіх слоў. Таму ўсе скарынаўскія тамы былі зразумелымі на землях Вялікага княства Літоўскага. Чаму Скарына стаў выдаваць Біблію? Наконт гэтага пытання і сёння спрачаюцца даследчыкі. Адна з версій – гэта быў своеасаблівы маркетынгавы ход. І зараз, і 500 гадоў таму Біблія – кніга, якая друкуецца больш за іншыя. Па тыражах яна апярэджвае ўсе іншыя выданні - і мастацкія, і духоўныя.