У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё адбылася прэм'ера спектакля "Воўчая зграя"

5 июля 2019

Да 75-годдзя вызвалення Беларусі і 95-годдзя майстра лейтэнанцкай прозы Васіля Быкава. У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё адбылася прэм'ера спектакля "Воўчая зграя". Пастаноўка паводле аднайменнай аповесці народнага пісьменніка папоўніла рэпертуар Тэатра Беларускага радыё.

Расказвае Вольга Мядзведзь: Да твораў Быкава "Тэатр Беларускага радыё" ўпершыню звярнуўся ў 2009 годзе. Тады загучала "Пастка" - і вось праз 10 гадоў да юбілею народнага пісьменніка - зноў прэм'ера. Нацыянальныя фонды папаўняе ваенная аповесць пра групу раненых партызан, якія перажываюць ўсе жахі вайны, спрабуючы схавацца ў бяспечным месцы.

Напружаны сюжэт, напружаная фабула і вельмі такія паўнавартасныя характары + проза Васіля Уладзіміравіча Быкава, яна складаная, чаму? Яе не проста з першага погляду асвоіць і нават сталым акцёрам, таму што тут трэба нейкая ўнутраная падрыхтоўка.

Акцёрская трупа сабраная адразу з чатырох сталічных тэатраў. Сярод маладых выканаўцаў праводзілі кастынг, тым часам як галоўныя ролі персанажаў больш сталага ўзросту амаль адразу замацаваліся за славутымі майстрамі: народныя Аўсяннікаў і Памазан, заслужаныя Гарцуеў і Душачкін. А вось для актрысы Купалаўскага Дзіяны Камінскай і артыста тэатра імя Горкага Сяргея Жбанкова "Воўчая зграя" ўвогуле стала першай радыёпрацай.


Такое актыўнае жыццё па-за мікрафонам у студыі, якога не ўбачыць слухач, адбывалася не толькі для лепшага пераўвасаблення акцёраў. А таксама, каб запісваць натуральныя гукі, напрыклад крокаў ці дотыкаў герояў адзін да аднаго. Дарэчы, менавіта да прэм'ернай радыёдзеі напісалі арыгінальнае музычнае суправаджэнне.