У Драгічынскім раёне раскапалі ўваход у падзямелле

25 октября 2014

У Драгічынскім раёне краязнаўцы раскапалі ўваход у падзямелле Тараканьскага манастыра. Прыстанак быў заснаваны яшчэ ў XVI стагоддзі. Тут рыхтавалі святароў, іканапісцаў і захоўвалі ў бібліятэцы ўнікальныя фаліянты. У гісторыі старажытнага манастыра шмат загадак і пытанняў. Адказы на некаторыя з іх шукала Вікторыя Патоня.


Яшчэ 200 гадоў таму вёска Імянін была вядомая нават у Ватыкане. Праўда, пад іншай назвай - Таракань. У XVI стагоддзі тут заснавалі манастыр з уласным пчальніком, садам, паркам з рэдкімі дрэвамі. І хаця гісторыя прыстанку пачыналася з праваслаўя, практычна ўвесь час гаспадарамі манастыра былі базыліяне.


Сяргей Гранік, дырэктар Ваенна-гістарычнага музея імя Д. К. Удавікова: Тут знаходзілася рэзідэнцыя протаархімандрыта - кіраўніка ордэна. Была бібліятэка, іканапісная школа і ўсё тое, што трэба было для ўтрымання такога вялізнага манастыра.


Згодна з мясцовай легендай, заснавала манастыр багатая жанчына. Вось толькі адзінай версіі, хто менавіта, у гісторыкаў няма. Адны згадваюць Бону Сфорцу, другія - жонку віленскага каштэляна Агафію Пясячынскую.


Цэнтрам манастырскага комплексу была Богаяўленская царква. На пачатку XX стагоддзя, калі ўніяцкі прыстанак страціў былую моц, толькі храм фактычна заставаўся дзеючым. Калі келлі манахаў служаць зараз для захоўвання збожжа, то пра велічны храм нагадвае толькі вось гэты камень.


Храм узарвалі ў 1959 годзе падчас барацьбы з рэлігіяй. Царкву, гавораць старажылы, было відаць за дваццаць кіламетраў.


Засыпанымі дагэтуль застаюцца падземныя хады манастыра. Па словах даследчыкаў, галерэі працягласцю каля 200 метраў праходзілі практычна пад усімі збудаваннямі комплексу. Таемны шлях выводзіў да канала. Ходзяць чуткі, што ў падзямеллі схаваныя хрысціянскія скарбы і рэдкія фаліянты з манастырскай бібліятэкі.


Сяргей Гранік, дырэктар Ваенна-гістарычнага музея імя Д. К. Удавікова: Тут у сцяне відаць, што разбіраўся круглы праём. Мабыць, хтосьці трапляў туды далей. У 1943 годзе сюды прыязджалі немцы і пэўны час займаліся нейкімі работамі ў двары манастыра. Што яны адсюль узялі або што тут схавалі? Зараз цяжка сказаць.


Але не ўся спадчына манастыра знікла. У новым храме вёскі, дарэчы, таксама Богаяўленскім, ёсць старажытныя абразы і рака. Гэта тое, што збераглі самі мясцовыя жыхары.


Пра славутасць сваёй вёскі школьнікі нават знялі фільм. Мясцовыя жыхары самі падтрымліваюць тут парадак, бо святыня не ўключаная ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны.