У Дрыбінскім раёне адрадзілі старажытны народны промысел лапцепляцення

4 июня 2013

Пахлопні, Коверзні, Відушчыя…. Усё гэта назвы лапцей. Аказваецца, нашыя продкі надавалі ўвагу модзе і пастаянна пашыралі лінейку мадэляў самага распаўсюджанага абутку. У Дрыбінскім раёне адрадзілі старажытны народны промысел лапцепляцення. І, як аказалася, выраб карыстаецца вялізнай папулярнасцю не толькі ў Беларусі і Расіі, але і ў краінах далёкага замежжа.


Уладзімір Сёмкін упэўніўся - у Дрыбінскім раёне Капусту лапцямі не сёрбаюць.

Дзяніс займаецца лапцепляценнем ужо больш за тры гады. Колькі пар выйшла ў яго з-пад рук, не памятае. У любым выпадку лік ідзе на шматлікія дзясяткі. Хобі займае амаль увесь вольны час. Лапцепляценнем тут займаюцца параўнальна нядаўна. А падштурхнула да гэтага занятку знаходка на гарышчы закінутага дома, вось гэты лапаць. Зацікавіліся. Паспрабавалі зрабіць самі - не атрымалася. Пачалі шукаць носьбітаў гэтага рамяства.

Аказалася на ўвесь раён усяго дзве бабулі ўмелі плесці лапці. Яны і навучылі мясцовых рамеснікаў гэтаму народнаму промыслу. Каб тэхналогіі не былі забытыя, у доме рамёстваў зрабілі нават спецыяльны дапаможнік, дзе пакрокава, з фатаграфіямі і тлумачэннямі апісалі вытворчасць лапцей. Ды не адной мадэлі. Вось гэтыя, напрыклад, называюцца Відушчыя.

Дрыбінскія лапці ўжо ведаюць не толькі па ўсёй Беларусі, але і за яе межамі. Прычым, ёсць заказы не толькі для нейкіх культурных мерапрыемстваў, выстаў або ў якасці сувеніраў, але лапці купляюць і для выкарыстання па прамым прызначэнні. Так што з часам гэты абутак можа з'явіцца і на прылаўках рознічнай сеткі.

Мясцовыя спецыялісты ўпэўненыя: народныя промыслы - гэта нядрэнны бізнес. Прынамсі, што датычыцца тых жа лапцей, сёння попыт перавышае прапанову. З нядаўняга часу ў Кароўчынскім доме рамёстваў вырашылі заняцца яшчэ і ткацтвам. Для гэтага заказалі спецыяльны станок. Пачынаюць пакуль з дыванкоў. Але ў перспектыве спадзяюцца навучыцца рабіць сапраўдныя беларускія ручнікі.