У Доме радыё стартавалі вочныя праслухоўванні "Маладых талентаў Беларусі"

23 апреля 2021
У легендарным Доме радыё стартавалі першыя вочныя праслухоўванні "Маладых талентаў Беларусі". Гэта фінальны этап, дзе пазмагаюцца лепшыя галасы і інструменталісты.

Прэзідэнт накіраваў зварот удзельнікам радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі"

Зварот удзельнікам юбілейнага праекта Белтэлерадыёкампаніі накіраваў Прэзідэнт:

"За ўвесь час існавання конкурс аб'яднаў сотні хлопцаў і дзяўчат, гэта яркая і ўнікальная падзея ў культурным жыцці краіны. Перамога ў конкурсе стала пачаткам паспяховай творчай кар'еры для многіх вядомых беларускіх музыкантаў, якія прадстаўляюць нашу Радзіму  на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Яго лаўрэаты традыцыйна становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Нягледзячы на ўсе выклікі часу, конкурс не толькі захаваўся, але і напоўніўся новым зместам: павялічылася колькасць намінацый, пашырыўся спектр музычных кірункаў", - гаворыцца ў звароце.

Фінальны этап радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі"


Першымі за права ратацыі ўласных запісаў на хвалях Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё сталі змагацца акадэмічныя вакалісты. Выпадковых галасоў тут няма: у спісе вучні профільных каледжаў, Універсітэта культуры і легендарнай кансерваторыі. Згодна з палажэннем,  выканаўцы ад 17 да 25 гадоў павінны былі прэзентаваць фрагмент з оперы або мюзікла. Прычым не пад фанаграму,  а жывое фартэпіяна. 

Эстафету пераняла больш шматлікая катэгорыя  - "Спадчына". Тут ужо экспертная група на чале з кампазітарам Леанідам Захлеўным ацэньвала і 10-гадовых вакалістаў. Усяго на імправізаваную сцэну са сваёй перадачай фальклору выйшлі 26 удзельнікаў. Акрамя мінчан, прадстаўнікі Магілёва, Салігорска і Асіповіч. Мэта  - выканаць адзін твор у нацыянальным стылі. 

Вынікі юбілейнага радыёконкурсу падвядуць у маі


Працягнуцца праслухоўванні на наступным тыдні. На імправізаваную сцэну Дома радыё запросяць эстрадных вакалістаў і інструменталістаў. Агульныя вынікі конкурсу аб'явяць у маі. У лаўрэатаў, акрамя дыпломаў і ратацыі на галоўнай радыёстанцыі краіны,  высокія шанцы стаць стыпендыятамі спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.