У Дзень кіно, у сталіцы ўпершыню ўручылі Нацыянальную прэмію Беларусі

17 декабря 2018

Узнагароды сёння атрымалі лепшыя прадстаўнікі беларускай кінаіндустрыі. Сёння, у Дзень кіно, у сталіцы ўпершыню ўручылі Нацыянальную прэмію Беларусі. У лепшых сусветных традыцыях цырымонія прайшла ў Доме кіно. У спісе некалькі дзясяткаў стужак, іх удзельнікаў і стваральнікаў. Першая прэмія - свайго роду пілотная - як стымул для вытворчасці якаснага кантэнту. Больш за ўсё намінацый сабралі "Сляды на вадзе", кароткаметражка "Фота на памяць" і трылер "Унутры сябе". Разам з намінантамі па чырвонай дарожцы прайшла і наш карэспандэнт Вольга Мядзведзь.

Чырвоная дарожка, вячэрні дрэс-код, выбліскі камер. Усё - паводле канонаў найбуйнейшых кінапрэмій свету. Менавіта такі ён, новы кадр стужкі - "беларускі фільммэйкінг". Госці ў прадчуванні, бо традыцыі мінскага "Лістапада" за 25 гадоў ужо добра знаёмыя ўсім, а вось якой стане першая Нацыянальная прэмія ў галіне кінамастацтва і ці будуць наступныя - пакуль для ўсіх загадка.

Такі ён, наш айчынны "Оскар". Знак адрознення лаўрэатаў кінапрэміі не нешта накшталт "Залатога рыцара", аб якім мрояць усе кіношнікі, а ўзнагарода ў выключна нацыянальным стылі. Кінаплёнка, якая пераходзіць у ліст папараці, - такое афармленне трафея перамагло амаль з дзясятка прэтэндэнтаў.

На ўдзел у першай кінапрэміі паступіла 167 заявак, якія Мінкульт прымаў з кастрычніка па лістапад. Да першага тура дайшлі 36 ігравых, неігравых, анімацыйных фільмаў і тэлесерыялаў, паўнаметражных і кароткаметражных стужак. Сярод іх прадстаўленыя і сумесныя праекты з расійскімі калегамі. Яны ўжо не першы сезон, як аселі ў Мінску дзякуючы прафесійным кадрам і абноўленай базе беларускай кінафабрыкі.

Узнагароды прысудзілі ў 18 намінацыях, плюс 19-я і 20-я - "За ўклад у айчынны і замежны кінематограф". Напрыклад, лепшы ігравы фільм "Унутры сябе" рэжысёра Сяргея Талыбава.

Лепшы тэлесерыял "Ой, ма-мач-кі! - 2", за гэтым жа праектам і лепшая галоўная жаночая роля.

Абсалютны рэкардсмен у колькасці выйграных намінацый - мастацкая стужка "Сляды на вадзе": лепшая рэжысура, аператарская, гукарэжысёрская праца, мантаж, касцюмы, дэбют года і галоўная мужчынская роля. У апошняй, дарэчы, пасмяротна ўзнагароджаны Пётр Юрчанкаў.
Убачыць працы намінантаў і лаўрэатаў і скласці ўласнае меркаванне яшчэ можа абсалютна кожны. З заўтрашняга дня па 26 снежня ўключна ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва адбудуцца паказы фільмаў, у праграме таксама майстар-класы і творчыя сустрэчы.