У Будславе грандыёзнае свята ў гонар новаздабытай духоўнай рэліквіі

25 ноября 2017

Старажытны Будслаў, знакаміты перш за ўсё сваёй святыняй - цудатворным абразам Маці Божай Будслаўскай, заяўляе пра новаздабытую духоўную рэліквію. Літаральна некалькі дзён таму яна была выяўлена ў сценах мясцовага касцёла. У гонар святой знаходкі ў цэркве Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі сёння грандыёзнае свята. У маленькі Будслаў з'ехаліся католікі з усіх куткоў Беларусі, каб стаць удзельнікамі ўрачыстага ўнясення рэліквіі ў храм і літургіі ў яе гонар. Напярэдадні афіцыйных урачыстасцяў у Будславе пабывала і знаходку ўбачыла Наталля Бардзілоўская.

Ксёндз-кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе вядзе нас на закрытае гарышча касцёла. Тут мноства духоўных рарытэтаў, кожны з якіх можа стаць сенсацыяй. Старадрукі 17-га стагоддзя на лацінскай мове. Аўтэнтычныя аконныя рамы з волава – 18-е стагоддзе. Наглуха закрытая скрынка з надпісам «Святы Гаўдзіус». Але тое, што зараз стала падзеяй, вось у гэтай шкатулцы.

Нятленныя кавалачкі коснай тканкі – мошчы адной з самых ушанаваных не толькі католікамі, але і праваслаўнымі агульнахрысціянскай святой Кацярыны - захоўваліся ў мяшэчку ў мініяцюрнай скрынцы. Аўтэнтычнасць знаходкі пацвярджае пячатка. Узрост святой рэчы – больш за два стагоддзі. Раней яна была дзеючай часткай царкоўных служб, ляжала ў адным з васьмі алтароў тутэйшага касцёла.

На гарышчы мошчы святой Кацярыны апынуліся на пачатку 20 стагоддзя: ксяндзы схавалі іх ад багаборцаў. Ужо сучаснікі-манахі, гартаючы старыя кнігі, узяліся шукаць святыню і... знайшлі.

Цяпер святая знаходка – часцінка мошчаў Кацярыны Александрыйскай - размешчана ў капсуле, капсула – у рэліквіярыі. Будслаў – адзінае месца ў Беларусі, дзе знойдзена і будзе захоўвацца такая святыня. Увогуле мошчы велікапакутніцы Кацярыны зберагаюцца на яе радзіме, у Егіпце, у манастыры на гары Сінай. Як яны трапілі ў Беларусь – невядома.

Ёсць версія, што францысканцы, якія будавалі касцёл, імкнуліся абагаціць яго святынямі і падарожнічалі па ўсім свеце. Можа ў іх вандроўнай геаграфіі быў і Егіпет? Святая Кацярына Александрыйская - адна з першых хрысціянак часоў паганства, якая прыняла пакуты за веру. Яна была дачкой заможных бацькоў, адукаванай дзяўчынай. У Еўропе шмат універсітэтаў носяць яе імя. Кацярына – апякунка студэнтаў і чыгуначнікаў.

У гонар новаздабытай святыні ў Будславе ладзяць свята. Але па-ранейшаму першаснай і бясспрэчнай святыняй гэтага месца была і застаецца каранаваная Маці Божая Будслаўская - абраз, які з 17 стагоддзя вянчае галоўны алтар храма.