У Брэсцкай крэпасці ў студзені адкрыецца новая інтэрактыўная экспазіцыя

2 января 2019

Падарунак у новым годзе чакае наведвальнікаў Брэсцкай крэпасці. Ужо ў гэтым месяцы тут адкрыецца новая інтэрактыўная экспазіцыя. Музей ствараецца ў паўвежы паўднёва-ўсходняй казармы. Праект фінансуецца па праграме Саюзнай дзяржавы. Над увасабленнем ідэі працуюць беларускія і расійскія спецыялісты. Як ствараецца новы музей, адной з першых убачыла Вікторыя Патоня.

Каб перадаць напружанне прарыву байцоў Брэсцкай крэпасці ў першыя дні вайны, важная кожная дэталь - нават колер гузікаў на гімнасцёрцы. Для маладой каманды "Неўскі баталіст" з Санкт-Пецярбурга гэта першая замежная камандзіроўка. У барбакане паўднёва-ўсходняй казармы мастакі-дэкаратары ствараюць летапіс Брэсцкай крэпасці (з моманту заснавання да заканчэння вайны) у выглядзе трохмерных панарам. З гістарычнай дакладнасцю, па архіўных дакументах і фатаграфіях, выкарыстоўваючы сапраўдныя прадметы з фондаў мемарыяльнага комплексу. Унікальны праект увасабляюць сумесна беларускія і расійскія спецыялісты. Музей ствараецца ў адзінай з чатырох паўвежаў крэпасці, уцалелай у гады вайны.

Музей зойме 700 квадратных метраў. На рэалізацыю задумкі - ад капітальнага рамонту да стварэння выставы - з бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзелена звыш мільёна рублёў. Эпізоды экспазіцыі пакуль трымаюцца ў сакрэце, але без сучасных аўдыявізуальных тэхналогій не абыдзецца.

Новы музей плануюць адкрыць у студзені. І гэта толькі пачатак маштабных работ у Брэсцкай крэпасці па праграме Саюзнай дзяржавы, якія запланаваны да 2020 года. Усяго ў спісе 16 мерапрыемстваў.

Так, руіны Белага палаца закансервуюць. Ужо пачалі рэканструкцыю моста цераз Мухавец ля Музея абароны Брэсцкай крэпасці: неабходнасць рамонту апор наспела даўно. У казармах ля Цярэспальскіх варот замянілі дах, завершаны рамонт падвалаў казармаў 333-га стралковага палка.

Будынак палка XIX стагоддзя моцна пацярпеў падчас баявых дзеянняў. Уцалелі толькі падвалы і асобныя часткі канструкцый першага паверха. Гэтыя памяшканні доўгі час былі закрыты для наведвальнікаў з-за пагрозы абвальвання цэглы. Зараз скляпенні ўмацавалі, усталявалі засцярогу. Зусім хутка турыстычныя групы змогуць і тут адчуць дух ваеннага мінулага.

Зараз турысты бачаць толькі дзясятую частку экспанатаў з фондаў мемарыяльнага комплексу. Але работы па музеефікацыі і рэстаўрацыі цытадэлі будуць прадоўжаны. Наперадзе рамонты і адкрыццё экспазіцый ва ўсходнім і пятым фортах. За найбліжэйшыя два гады Беларусь адзначыць 75 гадоў вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў і 75 гадоў Перамогі. Да гэтых знакавых дат мемарыяльны комплекс абяцае змяніцца, бо Брэсцкая крэпасць па-ранейшаму застаецца сімвалам стойкасці і мужнасці, месцам памяці для тысяч людзей.