У Брэсцкім аэрапорце здымаюць фільм пра сабачую адданасць

7 Снежня 2019
Брэсцкі аэрапорт ператварыўся ў здымачную пляцоўку. Там здымаюць фільм пра сабачую адданасць. У карціне расійскага рэжысёра Аляксандра Дамагарава-малодшага задзейнічалі дэкарацыі ў стылі савецкай эпохі, а  ў ролях масоўкі здымаюцца сотні брастаўчан. 

Марыя Тройніч зазірнула ў закуліссе здымачнага працэсу. Аэрапорт, летняя спёка, пасажыры ў лёгкім адзенні спяшаюцца на рэйс. Гэта ў фільме, а ў рэальнасці ў будынку ўсяго некалькі градусаў цяпла. У масоўцы здымаюцца больш за пяцьсот жыхароў Брэста. І для многіх удзел у карціне стаў тэстам на трываласць.

Па сюжэце сабаку не бяруць на борт самалёта, і гаспадар вырашае пакінуць яго ў аэрапорце. І вось тут пачынаецца гісторыя пра сапраўдную адданасць і сяброўства. Вакол аўчаркі па мянушцы Пальма разгортваюцца ўсе падзеі. На здымачнай пляцоўцы сабака працуе ў пары з дрэсіроўшчыцай. Сцэнарый фільма заснаваны на рэальных падзеях. Матэрыял для будучай карціны ўзялі са старога газетнага артыкула.

Актрыса Яўгенія Дзмітрыева ў ролі начальніцы аэрапорта: у рэальным жыцці такую пасаду жанчыны займаюць вельмі рэдка. Дэкарацый у аэрапорце няшмат: білетныя касы, тэлефонныя будкі і нумары секцый. Усё павінна адпавядаць эпосе. Па словах прадзюсараў, сам будынак аэрапорта - адна суцэльная дэкарацыя. Рэжысёру ён спадабаўся сваёй аўтэнтычнасцю. Месца мела прынцыпова важнае значэнне, бо тут будуць здымаць 90 % карціны.

Аўтары карціны назвалі свой фільм «лямпавым» - за своеасаблівую настальгію па савецкай эпосе. У сцэнах можна ўбачыць касцюмы, скураныя чамаданы і жаночыя прычоскі з начосам - як было модна 40 гадоў таму. На працу аэрапорта здымкі не паўплывалі: рэйсы адпраўляліся своечасова.

Да кінакамеры тут не прывыкаць: восем гадоў таму ў брэсцкім аэрапорце здымалі карціну "Высоцкі. Дзякуй, што жывы". У фільме "Пальма" абяцаюць спецэфекты і каскадзёрскія трукі. Прэм'ера адбудзецца летам наступнага года.