У Брэсце праходзіць адборачны тур на "Славянскі базар"

4 декабря 2015

"Славянскі базар" ужо шукае таленты. Прафесійнае журы праслухае як юных зорачак ад 7-мі да 12-ці гадоў, так і дарослых канкурсантаў да 31-го года. Сёння адборачны тур на фестываль праходзіць у Брэсце. Заяўкі на ўдзел у кастынгу даслалі 46 вакалістаў. Кожны выконвае па дзве эстрадныя песні: адну - беларускага аўтара на роднай мове, другую - на выбар.

Ларыса Барсук, старшыня журы адборачнага тура на "Славянскі базар - 2016": "Я думаю, што нам трэба папрацаваць над тым, каб стварыць такі прадзюсарскі цэнтр для нашых юнакоў і дзяўчат з выдатнымі музычнымі і вакальнымі данымі, каб мы таксама маглі бы нароўні з іншымі прадзюсарскімі цэнтрамі ўдзельнічаць у гэтым міжнародным спаборніцтве".

Журы ацэніць артыстызм, голас і слых дзяцей і моладзі ва ўсіх рэгіёнах краіны. У адборачным туры ўдзельнічаюць моцныя вакалісты, за плячамі якіх узнагароды з прэстыжных музычных і песенных конкурсаў. На першым этапе адбяруць па пяць лепшых выканаўцаў у кожнай узроставай катэгорыі. Іх патэнцыял ацэняць у Міністэрстве культуры. Наступны кастынг пройдзе ў Віцебску 10 снежня. Далей да адбору далучацца і іншыя абласныя цэнтры.