У Брэсце праходзіць міжнародны фестываль "Белая вежа"

15 сентября 2018

Тэатральны марафон у Брэсце. Тут праходзіць міжнародны фестываль "Белая вежа". Гледачы маюць магчымасць пазнаёміцца з калектывамі 10 краін свету, убачыць класічныя пастаноўкі і эксперыментальныя. Сёлетні форум сабраў 25 тэатраў ад Іспаніі да Алжыра. Ёсць і два новаўвядзенні. Вікторыя Патоня - пра тэндэнцыі 23-га фестывалю "Белая вежа".

Восень у Брэсце традыцыйна пачынаецца з тэатральнага свята. Вось ужо 23 гады "Белая вежа" збірае поўныя залы. Праграму шасцідзённага міжнароднага форуму сёлета адкрыла адна з апошніх прэм’ер Купалаўскага тэатра. Сучасны погляд на гогалеўскую камедыю "Рэвізор" у пастаноўцы Мікалая Пінігіна і Дзмітрыя Цішко.

У фестывальнай афішы - 26 спектакляў ад тэатраў з 10 краін свету. Драматычныя, лялечныя, пластычныя, рок і харэаграфія. У тым ліку эксперыментальныя. Тэму булінгу (здзеку) падняў іспанскі рэжысёр Давід Зуазала. Метафарычны монаспектакль "Гульня часу" складаецца з сямі гісторый ад рэжысёраў сямі краін. У аснове - рэальныя падзеі. Усіх персанажаў акцёр стварае сваімі рукамі, перарабляе другасныя матэрыялы і механізмы.

Дзе сапраўдны патрыятызм і ў якіх сітуацыях ён праяўляецца? Разважанні на гэтую тэму таксама прагучалі з фестывальнай сцэны. Жанр спектакля "Лондан" Мірнінскага тэатра з Якуціі пазначаны як "слайды пра любоў да Радзімы". Пастаўлены паводле п’есы беларускага аўтара Максіма Дасько. Эксперыментальная пастаноўка нават была адзначана Гран-пры прэстыжнай расійскай тэатральнай прэміі "Залатая маска". Калектыў пераадолеў амаль 11 000 кіламетраў, каб трапіць на "Белую вежу". Цікава, што пастаноўка з такога далёкага краю аказалася неверагодна блізкай беларусам.

Арганізатары фестывалю сёлета ажыццявілі даўнюю мару - запрасілі дзіцячыя і юнацкія тэатры. У афішы - пяць спектакляў ад акцёраў школьнага ўзросту, якія ў прафесіяналізме амаль не саступаюць дарослым. Самая шматлікая дэлегацыя прыехала з Харкава - тэатральнай сталіцы Украіны, дзе налічваецца амаль 50 тэатральных калектываў.

Яшчэ адно адрозненне сёлетняга форуму - дадатковая пляцоўка ў кінатэатры "Беларусь". Тут запланаваны два відэаспектаклі сусветнай класікі - "Гамлет" і "Кармэн".

Падчас форуму вядзецца абмеркаванне сучасных тэндэнцый, погляд тэатразнаўцаў на рэпертуар. Але самымі галоўнымі крытыкамі "Белай вежы" па-ранейшаму застаюцца гледачы.

У наступным годзе Брэст адзначыць тысячагоддзе. У верасні адбудзецца і святочны фестываль. Плануецца, што на форум прыедуць тэатры з гарадоў-пабрацімаў. А іх у спісе - больш за 30!