У Брэсце адкрыўся міжнародны тэатральны фестываль Белая вежа

8 сентября 2013

24 спектаклі за адзін тыдзень. У Брэсце адкрыўся міжнародны тэатральны фестываль Белая вежа. Пантаміма, пластыка, класічны спектакль і лялечныя пастаноўкі - усё гэта ўбачаць брэсцкія гледачы і госці тэатральнага форуму.

Чым сёлета будуць здзіўляць тэатральныя калектывы, даведвалася Вікторыя Патоня.


18 раз Брэст на адзін вераснёвы тыдзень ператвараецца ў тэатральную сталіцу Беларусі. На Белую вежу - традыцыйны аншлаг. Амаль усе білеты павыкуплялі за месяц да фестывалю. Бо нацешыцца мастацтвам слова, жэстаў і думкі, тым больш у такой разнастайнасці, выпадае не кожнаму.


Сёння на пяці фестывальных пляцоўках выступяць больш як 20 калектываў. Спектаклі прагучаць на 8 мовах свету. Прывезлі свае пастаноўкі трупы з Азербайджана, Літвы, Польшчы, Ізраіля, Японіі, Егіпта. У тэатральнай афішы - дарослыя і дзіцячыя спектаклі, пантаміма, пластыка, тэатр аднаго акцёра. Будзе і выхад на вуліцу, два паказы пройдуць на гарадской плошчы. Дарэчы, сёлета дэвіз фестывалю - Сяброўства народаў.


Ларыса Навіцкая, намеснік генеральнага дырэктара Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, арганізатар фестывалю: Праграма фестывалю сабраная ў трох кірунках. Гэта міжнародная частка, лепшыя спектаклі беларускіх тэатраў, а таксама польскі тэатр на Белай вежы.


Больш за ўсё пастановак пакажуць беларусы. Нашы землякі - тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі Беларусьфільм - і адкрылі тэатральны форум п'есай беларускага класіка Кандрата Крапівы Хто смяецца апошнім. Дарэчы, за гэты спектакль рэжысёру-пастаноўшчыку Алегу Кірэеву і двум акцёрам прысуджаная спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі.


На 18 тэатральным свяце запланавана як ніколі мноства майстар-класаў для акцёраў, рэжысёраў, сцэнографаў. Сёлета арганізатары фестывалю адмовіліся ад традыцыйнага інстытута журы. Лепшы спектакль вызначаць сумесна з гледачамі. А прагаласаваць можа кожны, на выхадзе з залы ўсталяваныя спецыяльныя урны. Пераможа пастаноўка, якую ацэняць максімальнай колькасцю білетаў.


Тэатральныя крытыкі вылучаць лепшых акцёраў - выканаўцаў мужчынскай і жаночай роляў, пачуюць меркаванне журналістаў і гледачоў. Гэты форум яшчэ раз даказвае: мастацтва не мае межаў.