У Браслаўскім раёне захавалася старажытнае майстэрства пляцення з чароту і сіту

27 октября 2018

Майстры азёрнага краю. У Браслаўскім раёне да нашых дзён захавалася старажытнае майстэрства пляцення з прыродных матэрыялаў. І калі вырабы з саломкі і лазы можна сустрэць паўсюль, у блакітным краі перавага азёрнай траве. Раней плялі рыбацкія сеткі, пазней - капелюшы, абутак і нават посуд. І сёння турысты ў розныя краіны забіраюць сувеніры і аксесуары, сплеценыя браслаўскімі майстрамі з чароту або сІту. На майстар-клас адправілася і наш карэспандэнт Вольга Маслоўская.

За пляценнем майстар Марыя Шлабун можа бавіць гадзіны. Справа патрабуе ўседлівасці і цярпення, але вынік таго варты: вырабы ўпрыгожваюць экспазіцыю мясцовага музея і разлятаюцца па свеце праз сувенірны прылавак. Працуе майстар з розным прыродным матэрыялам, але перавагу аддае азёрнай траве. Сакрэты старажытнага рамяства карэнная браслаўчанка ведае яшчэ з дзяцінства.

Вырабы з чароту і сіту атрымліваюцца прыемнымі навобмацак. Звонку сціплыя, але вельмі зручныя і практычныя: яны не баяцца вільгаці, а сурвэткі можна нават прасці. Браць чарот і сіт трэба не пазней за Купалле. Найбольш карыснае сцябло - тое, што стаяла ў вадзе. Перад працай высушаны чарот ледзь намочваюць. Ён атрымліваецца нібы вэнджаны - пластычны і паслухмяны.

Далёка па матэрыял хадзіць не трэба. Чарот нарыхтоўваюць ля азёр, якіх у Браслаўскім раёне - малых і вялікіх - больш за 300!

У наваколлі возера Дрысвяты ў даўніну было вельмі пашырана ручное пляценне рыбалоўных сетак. Адсюль іх вывозілі на продаж. І менавіта ў гэтых мясцінах археолагі знайшлі старажытнае прыстасаванне для пляцення. Называецца яно качадыка і датуецца першым тысячагоддзем нашай эры. Зараз качадыку можна пабачыць у экспазіцыі мясцовага музея. А вось старажытных вырабаў з сіту і чароту не захавалася. Зразумела - прыродны матэрыял. Але падчас этнаграфічнай экспедыцыі музейшчыкі трапілі на вось такую сумку родам з першай паловы мінулага стагоддзя.

Сёння сакрэты старажытных рамёстваў захоўваюць удзельнікі народнага клуба пад назвай "Ля возера". Ён аб’ядноўвае 60 майстроў і рамеснікаў з усяго Браслаўскага раёна. На майстар-класы да іх прыходзяць і дарослыя, і дзеці, каб здзейсніць падарожжа ў мінулае і прынесці дадому ўласны ручны выраб.