У Барысаўскім раёне шукаюць магчымасць аднавіць касцёл Ушэсця Дзевы Марыі

28 февраля 2015

У цэнтры ўвагі - касцёл Ушэсця Дзевы Марыі, а больш дакладна - тое, што ад яго засталося. Пра 300-гадовы каталіцкі храм забылі ўсе, акрамя сталічных валанцёраў. Калі яго чакае рэканструкцыя, і якое рашэнне вынеслі абласныя чыноўнікі?

Ля руін дамініканскага касцёла, занесенага ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, пабывала Марына Мураўёва.

“Я больш не змог праязджаць міма”, – менавіта так тлумачыць Дзмітрый Сянько сваю неабыякавасць да захавання духоўнай спадчыны вёскі Зембін, што пад Барысавам. Гаворка ідзе пра тутэйшы касцёл, а больш дакладна - яго руіны. Франтальная сцяна са скульптурай Маці Божай, якая знаходзіцца пад крыжам, і рэшткі цагляных сцен – гэта ўсё, што засталося ад храма 16-га стагоддзя.

З ініцыятывай аднавіць храм Дзмітрый звярнуўся да кіраўніцтва Мінскай вобласці падчас прамой тэлефоннай лініі. Як высветлілася, ў Барысаўскім райвыканкаме гэта пытанне даўно на асаблівым кантролі.

Некалі тут быў дамініканскі кляштар. У манастырскі комплекс уваходзіла школа, бібліятэка. Яго не аднойчы спальвалі і зноў аднаўлялі. Намоленае гадамі месца і сёння прыцягвае да сябе вернікаў. Штогод да сцен храма на супольную малітву збіраюцца тысячы каталіцкіх паломнікаў.

А пакуль у Барысаўскім райвыканкаме збіраюць неабходныя дакументы. І ўжо ў сярэдзіне сакавіка будзе адкрыты дабрачынны рахунак для пералічэння сродкаў на рэканструкцыю касцёла.