У Вялікай студыі Дома радыё вызначалі самае віртуознае выкананне

27 апреля 2018

Сёння ў Вялікай студыі Дома радыё вызначалі самае віртуознае выкананне.

На Чырвонай, 4 адбылося фінальнае праслухоўванне конкурсу "Маладыя таленты Беларусі". Сёлета музычны конкурс сабраў максімальную колькасць заявак. Увогуле свае таленты прадставілі больш за тры сотні канкурсантаў з розных куткоў краіны. Лепшых выберуць у чатырох намінацыях. Пераможцаў вызначыць журы, імёны трыумфатараў стануць вядомыя заўтра.

Антон Васюкевіч, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: "Конкурс паказвае вельмі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства хлопчыкаў і дзяўчынак, і гэты ўзровень з кожным годам расце, таму ўскладняецца работа журы перш за ўсё таму, што выбраць лепшых з лепшых вельмі складана".

Ядвіга Паплаўская, народная артыстка Беларусі: "Гэта наш набытак, гэта духоўная сутнасць нашай Беларусі ў будучыні. Узровень, вядома, моцны, я парадавалася. Мне вельмі спадабалася намінацыя "Спадчына", гэта настолькі ўсё жывое, настолькі яркае. Самае галоўнае, што дзяцей у вельмі правільным кірунку вядуць педагогі".

Пераможцаў чакае ратацыя ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Дарэчы, прызёры музычнага конкурсу падтрымліваюцца Спецыяльным фондам Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.