У Вялікім тэатры заўтра адкрываецца 85 - юбілейны - сезон

7 сентября 2017

А ў гэтыя хвіліны ў Вялікім тэатры скончылася генеральная здача прэм'еры, якой ужо заўтра адкрываецца 85 - юбілейны - сезон! "Травіята" Джузэпэ Вердзі. У кашулях, джынсах і кедах.

Спецыяльна для Нацыянальнага тэатра Беларусі самую папулярную оперу ў свеце перанеслі ў наш час. Усяго цэхі Вялікага падрыхтавалі больш за 2 сотні сучасных убораў. Упершыню, насуперак тэатральным канонам, кожнаму артысту хору пашылі індывідуальны касцюм. Італьянскую оперу, створаную ў 19 стагоддзі па бестселеры Аляксандра Дзюма-сына "Дама з камеліямі", адаптавалі да 21-га стагоддзя - выкраслілі архаізмы, змянілі некаторыя неактуальныя сёння акалічнасці. Аднак партытура кампазітара Вердзі засталася нязменнай. Для ўвасаблення сваёй "Травіяты" ў Мінск прыехаў латвійскі акцёр і рэжысёр Андрэйс Жагарс.

Рэалізоўваць пастаноўку "Травіяты" латвійскай групе дапамагаў і мастак па святле з Вялікабрытаніі. Наогул жа 85-ы - юбілейны - сезон поўны прэм'ер. У пачатку кастрычніка адбудзецца дэбют балета "Карсар". Над пастаноўкай прыгодніцкай танцавальнай гісторыі ў Мінску працуе балетмайстар Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга Вячаслаў Хамякоў.