Шэкспіраўская трагедыя - на пуантах. Сёння ў Вялікім тэатры Беларусі прадставілі сусветную класіку - балет "Рамэа і Джульета". Гэтая прэм'ера, па сутнасці, перараджэнне вядомага спектакля, які набыў папулярнасць далёка за межамі нашай радзімы. Мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар'еў удыхнуў новае жыццё ў сваю жа пастаноўку: зведалі змяненні касцюмы, дэкарацыі і харэаграфія. Падрабязнасці - у рэпартажы Іны Пілевіч.
Джульету страхуюць. За некалькі хвілін да прэм'еры каманда Вялікага тэатра чарговы раз правярае мацаванне для выканаўцы галоўнай партыі ў балеце па трагедыі Уільяма Шэкспіра. Сёння паказваюць новую рэдакцыю спектакля, для якой дэкарацыі прайшлі капітальны рамонт. Зараз балкон галоўнай гераіні ўзлятае больш высока - на небяспечную вышыню.
Гэты спектакль сарваў авацыі ў 20 краінах і не сыходзіў з афішы 30 сезонаў. Балет-доўгажыхар "Рамэа і Джульета" зведаў перазагрузку. На самую сумную аповесць на свеце па-новаму зірнуў аўтар лібрэта, харэограф і пастаноўшчык Валянцін Елізар'еў. Для народнага артыста СССР гэта першая прэм'ера з моманту прызначэння на пасаду мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра.
Копіяй і злепкам ранейшага гэты балет сапраўды не будзе. Праўкі без кардынальных перамен. Майстар дадаў новыя хады ва ўжо існуючую харэаграфічную партытуру. Увялі ў пастаноўку і новых выканаўцаў. Расставілі акцэнты і ў музыцы Пракоф'ева.
Балет у 3-х дзеяннях абнаўлялі ў кароткія тэрміны. Адна сцэнічная і адна аркестравая рэпетыцыі. Гэтага дастаткова для прафесіяналаў.
У абноўленым спектаклі Мантэкі і Капулеці танцуюць у новых касцюмах. Спецыяльна для прэм'еры пашылі 200 сцэнічных убораў. Праўда, па тых жа эскізах, што і 30 гадоў таму, - мастака Эрнста Гейдэбрэхта.
Праўда, частка гардэроба спектакля нядрэнна захавалася - 4 дзясяткі касцюмаў прайшлі рэстаўрацыю. Апроч "Рамэа і Джульеты", аўтарскую рэдакцыю чакаюць і іншыя спектаклі Валянціна Елізар'ева. Майстар плануе ўнесці праўкі ў "Балеро" і "Кармэн-сюіту".













