У Бярэзінскім раёне развіталіся з каляднымі святамі

23 января 2017

Зацягнулі Каляду на дуба! У Бярэзінскім раёне развіталіся з каляднымі святамі.

У вёсцы Новіны аднавілі старажытны народны абрад. Саламяную ляльку Каляду - абярэг палёў і вёскі - на вялікі дуб зацягвае нежанаты хлопец, а жыхары танцуюць, спяваюць і такім чынам ушаноўваюць Каляду. Згодна з павер'ем, дзякуючы традыцыі ў новым сезоне будзе багаты ўраджай і дабрабыт ў кожным доме. Аляксандра Кавеліч не прапусціла аўтэнтычнае свята.

Гуляюць, спяваюць і цягнуць Каляду на дуба. Так развітваюцца з каляднымі святамі ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна. Адраджэнне і вывучэнне старажытнага абраду стала сямейнай справай для Ніны Клімовіч. Літаральна па крупінках збіралі гістарычныя звесткі, каб традыцыі продкаў захоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Ніна Клімовіч, жыхарка в. Новіны: "Сёння у нас ужо юбілейная, дваццатая Каляда на дубе. З 1998 года мы цягнем. Было сабрана шмат матэрыялаў: і як цягнулі, і што цягнулі. Абрад цікавы людзям. І прыязджаюць нават здалёку".

Галоўная гераіня свята - лялька Каляда - абярэг палёў і вёскі. Саламяны сноп аздабляюць, адзяваюць у жаночае адзенне і садзяць у цэнтр драўлянага кола, што сімвалізуе сонца.

Святлана Клімовіч, дырэктар Дома культуры в. Новіны: "Шмат было адрозненняў Каляды. У адной вёсцы гэта драўляная барана, яе цягнулі да дуба. У другой, напрыклад, куццю цягнулі ў гаршчэчку, потым яго разбівалі. Куцця рассыпалася, і таксама быў добры ўраджай. А наша Каляда - гэта збіральнае, усё разам!"

За тое, што працавалі ў святы, жанчыны сімвалічна просяць прабачэння - сякерай сякуць дзеркачы.

Рэшткі пруткоў раскідваюць на скрыжаванні. А Каляду на ўпрыгожаных санях цягнуць праз усю вёску да вялікага дуба. Трымаць ляльку давяраюць самай мудрай жанчыне. Дарогу яна пасыпае куццёй, каб улетку добра ўрадзілася ніва.

Леташняю Каляду скідваюць з дрэва і спальваюць, а новую разам з колам зацягвае на дуб нежанаты хлопец. Згодна з павер'ем, у хуткім часе яму павінна пашанцаваць у каханні.

Каб пасябраваць з Калядой, мясцовыя жыхары збіраюцца ў вялікі карагод і спяваюць абрадавыя песні. У іх яны заклікаюць Каляду ахоўваць вёску і зрабіць так, каб год выдаўся урадлівым.

Аўтэнтычны абрад «Цягнуць Каляду на дуба» ўваходзіць у спіс нематэрыяльных каштоўнасцей краіны. Ладзяць яго штогод у адзін дзень - 21 студзеня.

Маргарыта Хаметчына, жыхарка в. Новіны: "Гэта гісторыя, яна ў нас вельмі багатая, яна ў нас вельмі цікавая”.

Наталля Верна, удзельніца абраду: "Я навучаюся ў педуніверсітэце і для мяне важна, каб усе гэтыя абрады перадаваліся нашым нашчадкам, нашым будучым пакаленням. Таму трэба ведаць усе гэтыя звычаі".

Старажытнае свята стала візітнай карткай Бярэзінскага раёна. Культурныя традыцыі працягваюць і ў іншых мястэчках Мінскай вобласці. Так, абрад «Калядныя цары», што ладзяць у Капыльскім раёне, унесены ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.